Кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў выказаўся пра TikTok. На яго думку, гараджане злоўжываюць платформай — спрабуюць вырашаць праблемы праз ролікі, а не ў дзяржаўных інстанцыях. Тэму пра TikTok-відэа Караеў падняў падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 10 верасня, піша «Гродзенская праўда».

Кіраўнікі могуць не рэагаваць на ролікі, але не могуць не чытаць сацсеткі

Па словах Караева, пакінуць без увагі відэа, якія набіраюць шмат праглядаў і каментароў - «немагчыма».

Кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама адзначыў, што «многія ўзялі моду звяртацца да кіраўніка дзяржавы ў TikTok з любой нагоды». Для вырашэння праблемы ёсць іншыя каналы сувязі: міліцыя, суды і выканкамы, мяркуе Караеў. «Працуюць яны паводле закону. І зламаць TikTok-ролікамі дзяржаўны механізм немагчыма». Караеў дадаў, што часам сацсеткі карысныя, таму што «выкрываюць тое, што на месцах хочуць упрыгожыць».

У некаторых выпадках ёсць маніпуляцыі. Караеў прывёў у прыклад ролік «адной жанчыны, якая скардзілася, што яе па асабістай непрыязнасці не бяруць на працу». Верагодна, гаворка ішла аб былой дзяржслужачай, якая не магла знайсці працу. Праз TikTok жанчына звярталася да Лукашэнкі.

Па тэме: Былая дзяржслужачая не можа ўладкавацца на працу. Яна запісала зварот да Лукашэнкі

«Яна змаўчала пра тое, што пракуратура неаднаразова рабіла заўвагі да яе працы, а з кіраўніцтвам у яе былі канфліктныя адносіны. Пры гэтым ёй прапаноўвалі працаўладкаванне, але яна не прымала вакансіі, патрабуючы высокую пасаду і зарплату», — пракаментаваў гісторыю беларускі Караеў.

За ролікі ў TikTok выклікаюць «на гутарку»

На гродзенцаў, якія эмацыйна выказваюць сваё меркаванне ў TikTok, звяртаюць увагу сілавікі. Так у канцы жніўня некалькі гараджан выказаліся аб забароне выступаў музыкаў у цэнтры Гродна. Сілавікі ўстанаўлівалі асобы каментатараў. Тых, хто «не саромеўся ў выказваннях», выклікалі «на размову».