Яшчэ два блогеры — slivki_grodno і art.zabelina — прарэкламавалі краму «еДИН». Гэта сетка крамаў, дзе прадаюць тавары, зробленыя рукамі зняволеных і палітвязняў. Першую такую рэкламу ад Леначкі Лукашык сустрэлі хэйтам, яна выдаліла відэа з TikTok.

«І не трэба прыдумляць ніякіх стэрэатыпаў. Рэчы тут рэальна якасныя і вельмі прыгожыя. Многія зняволеныя адкрываюць сябе ў творчасці брэндаў», — расказваюць у відэа slivki_grodno.

Палова каментароў-негатыўныя і нават з абразамі аўтараў. Гарадзенцы лічаць, што яны «ганьбяцца».

-Вы ведаеце, што рабская праца забароненая? Як можна яе рэкламаваць?

-Вы думаеце, было б лепш, калі б зняволеным забаранялі займацца творчасцю і рукадзеллем?.. — не разумеюць аўтары.

Ролік быў і ў TikTok — адтуль яго выдалілі. У Instagram ён застаўся.

Кацярына Забеліна — art.zabelina — была стрыманей ў апісанні крамы. «Гэта самая незвычайная крама ў Гродне. Усе вырабы выкананы зняволенымі: карціны, скульптуры зуброў, вышыванкі, шахматы, прадметы мэблі. Ёсць нават мангалы і арэлі. Аказваецца, у Беларусі ўжо існуе сетка такіх крам. Цэны умераныя. Высновы рабіце самі», — расказала яна ў TikTok.

У яе каментарах спрачаюцца аб цэнах. Толькі адзін карыстальнік лаканічна напісаў «Энергетыка» і пакінуў эмодзі малпы, якая заплюшчвае вочы.

Бізнес на рабскай працы

Такія відэа зноў з’явіліся, таму што МУС імкнецца нармалізаваць тое, што адбываецца, распавёў палітычны аналітык і культуролаг Вадзім Мажэйка Hrodna.life. З іншага боку, людзі таксама прывыкаюць, таму што чалавечая псіхіка не можа кожны дзень адчуваць поўнае парушэнне нормаў. Як і было да 2020-га года, калі падобныя тавары гэтак жа прадаваліся, не выклікаючы асаблівага пратэсту.

Вадим Можейко. Фото: Віялета Саўчыц  Violetta Savchits
Вадзім Мажэйка. Фота: Віялета Саўчыц Violetta Savchits

Відэа, па сутнасці, — рэкламны заказ, дзе крама «еДИН» паводзіць сябе як звычайны бізнэс, а блогеры працуюць па агульным ТЗ.

-У гэтым няма нічога заганнага. Зразумела, што гэта камерцыйны магазін. Але ў адрозненне ад усіх іншых, ён нажываецца на рабскай працы зняволеных, — распавёў Вадзім.

Ён адзначае два моманты. Па-першае, адсутнасць у Беларусі справядлівага суда. Таму сярод зняволеных поўна тых, хто не здзяйсняў злачынстваў. Па-другое, умовы, на якіх яны працуюць, атрымліваючы ў літаральным сэнсе капейкі. Пакуль за межамі турмы ўсё працуе ў звычайным камерцыйным рэчышчы.

-Вядома, калі глядзець глыбей, усё гэта працуе на нармалізацыю дзяржаўнай турэмнай сістэмы, на нармалізацыю тых практык, якія ёсць, уключаючы нармалізацыю рабскай працы зняволеных і камерцыялізацыю яго вынікаў, — мяркуе Вадзім.

Якая сістэма на самай справе дапаможа зняволеным?

Можна рабіць па-іншаму. Вадзім не бярэцца параўноўваць Беларусь са Швецыяй і Нарвегіяй. Ён успамінае Грузію, дзе зняволеныя працуюць у пякарні і робяць прадукцыю для самой турмы і на продаж. Там яны атрымліваюць звычайную зарплату на звычайную банкаўскую карту і могуць вытрачаць грошы ў турэмнай краме або выйсці з імі на волю. Такая сістэма сапраўды спрыяе сацыялізацыі людзей.

-У чым наогул сэнс? Не ў тым, каб проста эксплуатаваць магчымасць працаваць, а каб зняволены, выйшаўшы з турмы, меў нейкія навыкі, нейкую прафесію, зароблены капітал.

Умовы працы зняволеных і ягоны заробак павінны быць супастаўныя з умовамі жыцця на волі, мяркуе Вадзім. Пазбаўленне волі - дастатковае пакаранне само па сабе. Кажучы пра тое, што людзі могуць «тварыць» у зняволенні, трэба ўлічваць, ці могуць яны ад гэтага адмовіцца і ў якіх умовах гэта адбываецца.