Стары млын на Ласасянцы прызналі аб’ектам павышанай небяспекі. Тэрыторыю абгарадзілі стужкай, піша ТРК «Гродно». Аказалася, да службаў звярнуліся гараджане.
МНС і камунальныя службы правялі няпланавую праверку. Паводле іх ацэнкі, 70% сцен млына абрынуліся. Ацалелыя часткі будынка знаходзяцца ў дрэнным стане. Ёсць высокая рызыка абвальвання і аварыйнай сітуацыі.
Цяпер млын агароджаны стужкай. У бліжэйшы час спецыялісты вырашаць, што рабіць з пабудовай.
Акрамя хісткіх сцен эксперты бачаць небяспеку і ў Ласасянцы. Паводле звестак АСВОД, за апошнія пяць гадоў у рацэ патанулі тры чалавекі, адзін з іх быў непаўналетнім.
Чым знакаміты млын?
Млын на Ласасянцы — гістарычны аб’ект. Першая згадка пра яго датуецца 1712 годам, тады пра млын пісалі ў інвентарах Гродзенскай каралеўскай эканоміі.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай рэчышча Ласасянкі стала дзяржаўнай мяжой Расійскай Імперыі і Прускага Каралеўства, а пасля — мяжой Гродзенскай губерні і Царства Польскага. Вёска Ласосна апынулася па тым боку мяжы, а млын застаўся на тэрыторыі Гродзенскай губерніі.
У другой палове ХІХ ст. млын згарэў. У 1883 г. гаспадар Вольф Вільбушэвіч атрымаў дазвол ад губернскіх уладаў яго перабудаваць. У пачатку ХХ ст. праз Ласасянку метраў 200 ніжэй па цячэнні праклалі вялікі мост з адной каменнай апорай і плаціна назаўжды страціла значэнне галоўнай камунікацыі. Пасля Першай сусветнай вайны вадзяны млын не пацярпеў і працягваў спраўна працаваць.
Да нашых дзён засталіся толькі фрагменты трох сцен млына.
Чытайце таксама: Руіны на Ласасянцы: гісторыя млына на мяжы дзяржаў, які стаў папулярнай фотазонай у Гродне