Гродна ўключылі ў лік трох гарадоў Беларусі з найлепшай якасцю атмасфернага паветра нараўне з Брэстам і Мінскам. Паводле звестак Белгідрамета, паказчыкі ў горадзе ў асноўным ацэньваюцца як «вельмі добрыя» або «добрыя», паведамляе Тэлерадыёкампанія «Гродна».
Аднак, якасць паветра ацэньвалі толькі па двух паказчыках — аксідзе азоту і аксідзе вугляроду, пры гэтым іншыя важныя забруджвальнікі, такія як дробнадысперсныя часціцы PM2,5, у афіцыйнай статыстыцы не адсочваюцца.
Як вымяралі чысціню паветра ў Гродне
Якасць паветра ацэньвалі па ўзроўнях аксіду азоту і аксіду вугляроду. Яны не перавышаюць дапушчальных значэнняў:
- Аксід азоту: 0,2−0,8 мг/м3
- Аксід вугляроду: 0,5−0,7 мг/м³
Сістэма назіранняў працуе з 1974 года. Сёння ў Гродне дзейнічаюць тры пункты з ручным адборам пробаў і адна аўтаматычная станцыя з анлайн-вымярэннямі.
Адзінае нязначнае перавышэнне фіксуецца па фармальдэгідзе ў цёплую пару года. Гэта звязана з прыроднымі працэсамі, а не з прамысловымі выкідамі.
Гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для аксіду азоту (NO₂) — 0,4 мг/м³ (сярэднясутачная норма) і для аксіду вугляроду (CO) — 3 мг/м³. Па гэтых паказчыках паветра ў Гродне бяспечнае і не ўяўляе пагрозы для здароўя.
Уплыў аўтатранспарту на якасць паветра, паводле інфармацыі Белгідрамета, таксама мінімальны і выяўляецца толькі ў гадзіны пік, калі канцэнтрацыі злёгку павышаюцца, але не дасягаюць перавышаючых значэнняў.

Што не ўлічылі, вымераючы забруджванне паветра ў Гродне
Ёсць і іншыя паказчыкі, якія гавораць пра чысціню паветра ў гарадах. Гэта наяўнасць у атмасферы часціц PM2,5.
Што за PM?
— Часціцы класа PM 10 — гэта пыл і рэчывы дыяметрам 10 мікрон і менш.
— Часціцы класа PM 2,5 — гэта дробнадысперсныя часціцы і пыл памерам 2,5 мікрона і менш.
PM 2,5 — гэта больш дробны пыл, які больш шкодны для здароўя, бо можа пранікнуць глыбока ў лёгкія.
Афіцыйна ў рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Беларусі часціцы PM2,5 манітораць толькі ў Мінску і Жлобіне. Таму ў «Гроднааблгідрамеце» пра гэтыя часціцы нічога не паведамілі.
Дзе знайсці інфармацыю пра забруджванне паветра ў вашым горадзе
Атрымаць звесткі пра забруджванне паветра ў Гродне можна на анлайн-сэрвісах маніторынгу, напрыклад, на сайце арганізацыі IQAir. Паводле інфармацыі рэсурсу, 3 верасня ўтрыманне цвёрдых часціц PM2,5 у гродзенскім паветры склала 13 мкг/м³, а індэкс якасці паветра — 58, што адпавядае ўмеранаму ўзроўню. Гэтыя звесткі мадэлююцца сістэмай на падставе даных спадарожнікавых назіранняў. Гэта значыць, яны не з’яўляюцца дакладнымі.
IQAir выкарыстоўвае сістэму ацэнкі якасці паветра па індэксах:
- добра (0−50),
- сярдне (51−100),
- шкодна для уразлівых груп (101−150),
- шкодна (151−200),
- вельмі шкодна (201−300),
- небяспечна (301+).
Адсачыць розныя паказчыкі можна таксама на сайце aqi.in — анлайн-платформе Air Quality Index (AQI), якая збірае звесткі з розных станцый назірання і паказвае бягучы ўзровень забруджвання паветра ў гарадах і рэгіёнах.
Па стане на 3 верасня, паводле звестак гэтых сэрвісаў, паветра ў Гродне па ўсіх вымяраных паказчыках — аксідах вугляроду і азоту, а таксама цвёрдых часціцах — адпавядае норме і лічыцца здаровым і бяспечным для ўсіх.
Напрыклад, 12 сакавіка гэтага года паветра ў Гродне было самым брудным у краіне. Яго індэкс, згодна з сайтам арганізацыі IQAir, складаў 112. Прычынай такіх высокіх паказчыкаў тады магла стаць пясчаная бура, якая прыйшла ў Беларусь з Афрыкі.
Як абараніць сябе ад дрэннай якасці паветра?
Усталюйце бясплатнае прыкладанне для атрымання папярэджанняў і прагнозаў якасці паветра ў рэжыме рэальнага часу.
Калі інфармацыя пра дрэннае паветра пацвярджаецца — зачыніце дзверы і вокны, пераключыце сістэму ацяплення, вентыляцыі і кандыцыянавання паветра ў рэжым рэцыркуляцыі.
Пры дрэннай якасці паветра заставайцеся ў памяшканні, а калі вам усё ж давядзецца выйсці на вуліцу, надзеньце маску KN95/FFP2.
Выкарыстоўвайце ачышчальнік паветра для фільтрацыі часціц, газаў і іншых забруджвальных рэчываў.