У апошнія дні лета ў цэнтральных дворыках Гродна выступалі музыканты. Відэа з канцэртаў апублікавалі і гараджане, і праўладны Telegram-канал “Гродзенскія слівы”. Як рэгулююць выступленні музыкаў, пакуль незразумела.
«Апошнія выходныя лета запомніліся такім атмасферным рухам», — пракаментавала свой TikTok-ролік гродзенка Інна. На відэа – вечарынка ў дворыку кавярні “Джэзва”. Гараджане танцуюць пад дыджэй-сэт.
Падобнае відэа з’явілася і ў Telegram-канале «Гродзенскія слівы». «Усё ў парадку, я праверыла – гурты ў дворыках граюць. Так што можна не турбавацца і прыходзіць адпачываць», – паведамляе гараджанка.
У сярэдзіне жніўня гродзенцы заўважылі, што музыкі перасталі выступаць у цэнтральных дворыках горада. Гараджан, якія ў інтэрнэце эмацыйна выказваліся аб забароне музыкі, выклікалі на “размовы”.
У сваю чаргу мясцовыя ўлады паведамілі, што афіцыйнай забароны на выступленні няма. Музыкі вернуцца на вуліцы, калі чыноўнікі “прывядуць творчыя пляцоўкі ў прававое поле, зрабіўшы іх зручнымі і бяспечнымі для кожнага”.
Пакуль незразумела, ці прыйшлося музыкам і дыджэям атрымліваць спецыяльныя дазволы, каб выступіць у дворыках у апошнія дні жніўня.
Чытайце таксама: Канцэрты ў Гродне сыходзяць у падполле, на выступах — табу на «палітыку». Што будзе з культурай далей?


