Гродзенец паскардзіўся, што ў адным з двароў Грандзічаў займаюць парковачныя месцы для людзей з інваліднасцю. Пасля рэйду ДАІ кіроўцы атрымалі штрафы, а месцаў на паркоўцы стала больш, піша “Авто Гродно”.  

Адзін з вадзіцеляў з інваліднасцю прыехаў у двор у Грандзічах і не знайшоў свабодных месцаў на спецпаркоўцы. Ён паскардзіўся ў ДАІ. Інстанцыя правяла рэйд. Мясцовая жыхарка Дар’я расказала, што “ўсім жыхарам аўтаматычна выдалі штрафы”. Пасля гэтага месцы для людзей з інваліднасцю “прыкметна вызваліліся”.

Аб праблеме з занятымі месцамі ў дварах Грандзічаў гаворыць і гродзенец Валерый. У мужчыны парушэнні апорна-рухальнага апарата, але машыну на спецыяльнай стаянцы ён пакідае рэдка – свабодных месцаў амаль няма.

– Ні з кім з гэтай нагоды не лаяўся, бо стараюся не ўвязвацца ў канфлікты без вострай неабходнасці. Хаця ў Грандзічах месцаў для інвалідаў хапае. І за паркоўку раней не штрафавалі, а цяпер узяліся, – адзначае Валерый.

Гродзенец дадае, што штрафы не вырашаюць праблему цалкам – месцы ўсё роўна займаюць. Падобную сітуацыю Валерый назірае і каля магазінаў.

У ДАІ адзначаюць – гараджане паркуюцца на месцах для людзей з інваліднасцю і тлумачаць гэта тым, што «спяшаліся, больш не было месцаў, спыніліся на хвіліначку».

За неправамерную стаянку на месцы для людзей з інваліднасцю можа пагражаць штраф у памеры 2 базавыя велічыні (84 руб.). Згодна з ПДР, паркавацца на такіх месцах могуць кіроўцы, у якіх ёсць спецыяльны дазвол і знак “інвалід” на машыне.

Чытайце таксама: Гродзенцы скардзіліся, што ў Грандзічах займаюць парковачныя месцы для людзей з інваліднасцю. Праблему вырашылі радыкальна