Праект рэканструкцыі набярэжнай у Гродне вынясуць на грамадскае абмеркаванне. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце Гродзенскага гарвыканкама. Улады плануюць зрабіць зону для адпачынку і забаў, захаваўшы пры гэтым архітэктурны і ландшафтны ансамбль ракі.
Маяк, веладарожка і новыя фотазоны: што з’явіцца на набярэжнай?
У ходзе рэканструкцыі плануюць заняцца інжынерным уладкаваннем берага. Расчысцяць прыбярэжную паласу, адновяць каменныя адкосы, зробяць пешаходную алею і абмяжуюць рух транспарта. Алея будзе пралягаць уздоўж замкаў - там плануюць высадзіць квітнеючыя дрэвы. Зону для прагулак спраектуюць так, каб яна не псавала гістарычны пейзаж набярэжнай. Уваходную арку ўпрыгожаць падсветкай і вінаградам. За прыклад узялі фасад ГрДУ, які ў сезон цвіцення робіцца папулярнай фотазонай.


З’явіцца і аглядная пляцоўка. Яе зробяць у выглядзе вуглавога мастка, з вяршыні якога будзе адкрывацца від на Нёман. Побач усталююць плаваючы каляровы фантан.
Будуць кропкі для адпачынку і фотазоны, з’явяцца спускі да вады. Побач са Старым мостам пабудуюць прычал для пракату сапбордаў і катамаранаў. У якасці інтэрактыўнага экспаната там усталююць ладдзю.


Асобна арганізуюць фестывальную пляцоўку. Мяркуецца, што там будуць ладзіць гарадскія мерапрыемствы: кінапрагляды, кірмашы і фестывалі. Зімой хочуць заліваць штучны каток. Тут жа паставяць маяк — з яго можна будзе запускаць ліхтарыкі.
Таксама плануюць зрабіць веладарожку — яна будзе весці да гарадскога пляжу і Пышкоў.
Дзе азнаёміцца з праектам рэканструкцыі?
Азнаёміцца з праектам можна з 1 па 15 верасня ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама.
Гараджане могуць накіраваць свае прапановы на e-mail [email protected] і [email protected], а таксама прадставіць іх у пісьмовым выглядзе па адрасе: пл. Тызенгаўза, 3, г. Гродна, паштовы індэкс 230 023.
Уладкаваць набярэжную не атрымліваецца некалькі гадоў: бракуе грошай і ідэй
Мясцовыя ўлады спрабуюць добраўпарадкаваць набярэжную Нёмана ўжо некалькі гадоў запар. У 2019 годзе распрацавалі праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі ад вусця Гараднічанкі да Новага моста, аднак грошай на яго рэалізацыю не знайшлося.
У 2023 годзе аблвыканкам абвясціў конкурс на лепшы праект па добраўпарадкаванні набярэжнай — паўдзельнічаць у ім маглі як архітэктары, так і звычайныя грамадзяне.
Аднак у лютым 2024 года стала вядома, што вызначыць пераможцу так і не змаглі. У конкурсе паўдзельнічалі 23 гродзенцы. Але, паводле слоў старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Хмеля, ніводны з дасланых праектаў не адпавядаў умовам.
Варыянты, якія даслалі гродзенцы, планавалі закласці ў аснову праектавання набярэжнай. Яе хочуць адкрыць да 900-годдзя Гродна ў 2028 годзе.
Чытайце таксама: Чыноўнікі не могуць вырашыць, што важней: воднае таксі ці скейтпарк. Якія канцэпцыі набярэжнай Нёмана прапаноўвалі ўлады