Аплату транспарту ў Гродне мяняюць з механічнай на электронную. У аўтобусах ужо ўстанавілі 30 валідатараў, якія дазволяць аплаціць праезд карткай. У сацсетках гродзенцы перажываюць, ці не стане больш складана з новымі валідатарамі. Hrodna.life адказвае на асноўныя пытанні гараджан.
Як працуе новая сістэма аплаты?
Валідатары ўстанаўліваюць на поручнях аўтобусаў. Неўзабаве аплочваць праезд можна будзе банкаўскай картай або электроннымі праязнымі. Вы прыкладваеце карту да прылады — яна спісвае неабходную суму. Цяпер аўтобусны парк Гродна закупляе праязныя. Усяго плануюць набыць каля 100 тыс. бескантактавых смарт-карт.
У гродзенскім транспарце ўстанаўліваюць валідатары aQsi Cube — іх распрацоўвае і пастаўляе фірма з Расіі. У 2024 апараты гэтай жа фірмы ўсталявалі ў Волагдзе і Разані. Яшчэ раней валідатары з’явіліся ва Уфе, Растове-на-Доне.
У беларускіх гарадах, у прыватнасці Мінску і Магілёве, таксама працуе сістэма бескантактавай аплаты. Падобны эксперымент спрабавалі рэалізаваць і ў адным аўтобусе Гомеля. Але апараты пастаўлялі іншыя фірмы.
Што рабіць, калі няма ні карты, ні праязнога?
Аплаціць праезд звыклымі талончыкамі можна будзе і пасля ўкаранення электроннай сістэмы. У найбліжэйшыя тры гады ў гродзенскім транспарце застануцца старыя кампосцеры і папяровыя талоны, паведамляе TikTok-канал Look at Grodno.
Таксама ў Гродне па-ранейшаму будзе працаваць сістэма «Аплаці», якая дазваляе купіць білет па QR-кодзе.
Па тэме: Кожны чацвёрты гродзенец купляе талончыкі ў мабільным дадатку
Як быць замежным турыстам?
Замежнікі могуць купіць звыклы талон у кіёску ці ў кіроўцы. Таксама аплаціць праезд можна банкаўскай картай праз электронны валідатар. Але карткі Visa і MasterCard замежных банкаў могуць працаваць не на ўсіх плацежных тэрміналах — гэта залежыць ад банку, які абслугоўвае. Пакуль невядома, які банк будзе абслугоўваць аплату праз гродзенскія валідатары.
Карты кітайскай плацежнай сістэмы Union Pay працуюць з абмежаваннямі - на дадзены момант іх падтрымліваюць «Белгазпрамбанк», «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк». Пакуль незразумела, ці будзе магчымасць аплаціць імі праезд у валідатарах ад aQsi.
Плацежная сістэма «Мір» інтэгравана ў фінансавую сістэму Беларусі. Таму ўладальнікі такіх картак змогуць расплачвацца імі, а таксама са смартфона праз Mir Pay. Аднак тэматычныя сайты папярэджваюць пра перыядычныя збоі ў аплаце.
Калі сістэма пачне працаваць?
Да кастрычніка 2025 Аўтобусны парк Гродна плануе абсталяваць новымі валідатарамі ўсе тралейбусы. Па словах дырэктара прадпрыемства, «прылады запусцяць у найбліжэйшы час». Пакуль іх наладжваюць.
Чытайце таксама: «Сардэчна запрашаем у электронны канцлагер». Замене кампосцераў у гродзенскім транспарце ўзрадаваліся не ўсе