У Гродне пачаў працаваць новы бізнес-цэнтр на вуліцы Вясенняй, 5. Агульная плошча трохпавярховага будынка — каля 1 000 кв. м. У ім размесцяцца гандлёвыя і офісныя памяшканні, а таксама рэстаран і кавярня, паведамляе «Вечерний Гродно».

Частку памяшканняў ужо здалі ў арэнду: тут працуюць магазін кветак і падарункаў, а таксама курсы замежных моў. У арэнду прапануюць і памяшканне плошчай 48 кв. м, кошт аднаго квадратнага метра — каля $ 13.

Будынак пабудавалі побач са Сцежкай здароўя і прыпынкам грамадскага транспарту «Фестывальная вуліца». Побач абсталявалі паркоўку на 15 месцаў. Тэрыторыю добраўпарадкавалі, на ўездзе — зялёны астравок.

У Гродне адкрыўся яшчэ адзін бізнес-цэнтр — на вуліцы Вясенняй
Новы бізнес-цэнтр. Фота: vgr.by

Праект распрацавала гродзенская група кампаній «G3». Забудоўшчык — «Гарадское будаўніцтва».

Недалёка ад новага будынка размешчаны яшчэ адзін бізнес-цэнтр — па адрасе Вясенняя, 19А.

Побач будзе новы мікрараён

Недалёка адсюль нядаўна пачалося будаўніцтва новага мікрараёна Вясенні на шэсць тысяч жыхароў. Ён зойме тэрыторыю паміж праспектам Будаўнікоў і вуліцай Вясенняй.