У Смаргоні з-за недахопу кіроўцаў сарвалася частка гарадскіх рэйсаў. Цяпер аўтобуснаму парку № 17 не хапае 14 супрацоўнікаў. Пра гэта піша раённая газета «Светлы шлях».
Гэтым летам аўтобусны парк сутыкнуўся з сур’ёзнымі цяжкасцямі. 18 чэрвеня ў горадзе адбыўся транспартны калапс: цэлы дзень многія аўтобусы не выйшлі на маршруты. Тады адміністрацыя філіяла прыносіла прабачэнні за сарваныя рэйсы і тлумачыла, што ім не хапае 23 кіроўцаў.
Таксама адзначалася, што знос аўтобуснага парку перавышае 67%. Гэта наўпрост уплывае на магчымасць забяспечваць надзейнае транспартнае абслугоўванне.
Штат на траціну не ўкамплектаваны
Зараз кадравы дэфіцыт захоўваецца. У ліпені адразу шэсць кіроўцаў пайшлі на бальнічны.
— У штаце ёсць 35 кіроўцаў, але 14 месцаў застаюцца вакантнымі. Такая колькасць неабходна для поўнага закрыцця маршрутнай сеткі без перапрацовак у работнікаў, — паведаміў дырэктар аўтапарка № 17 Сяргей Субаткевіч.
Ён адзначыў, што нядаўна заробак кіроўцам паднялі на 15%. Работнікі атрымліваюць поўны сацпакет і працуюць па здзельнай сістэме. Гэта дае магчымасць зарабляць больш пры актыўнай працы.
Згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце дзяржаўнай службы занятасці, аўтобусны парк Смаргоні прапануе кіроўцам аўтобуса заробак у 1500 — 2000 рублёў на стаўку.
Аўтапарк абнаўляецца
Таксама, па словах кіраўніка, ідзе абнаўленне аўтапарка.
— Паўтара месяца таму мы атрымалі адзін новы аўтобус. Да канца года чакаем яшчэ чатыры. У наступным годзе плануем набыць шэсць новых адзінак транспарту, — сказаў Субаткевіч.
У Смаргоні аптымізуюць і маршрутную сетку. Нагрузка на розных накірунках нераўнамерная. Напрыклад, у мікрараён Карэні ў пэўныя гадзіны тры аўтобусы ідуць з інтэрвалам у 5 хвілін, але запаўняюцца па-рознаму.
— У гэтым кірунку трэба працаваць больш дэталёва. Размова не ідзе пра скарачэнне маршрутаў. Плануецца толькі карэкціроўка колькасці рэйсаў для больш рацыянальнага выкарыстання транспарту, — падкрэсліў дырэктар.