Чэргі на беларускай мяжы працягваюць абнаўляць рэкорды: заторы ўтварыліся не толькі на ўчастку з Польшчай, але і з Літвой. Так, за апошнія суткі чарга на пункце пропуску «Беняконі» (літоўскі «Шальчынінкай») вырасла ў два разы — цяпер тут стаяць каля 320 легкавых і 330 грузавых аўтамабіляў. Для тых, хто чакае, мясцовыя ўлады арганізавалі дзяжурства хуткай дапамогі, падоўжылі працу магазінаў, усталявалі біяпрыбіральні і нават раздавалі кашу, паведамляе «Воранаўская газета».

На беларуска-літоўскім участку мяжы цяпер працуюць толькі два пункты пропуску: «Каменны Лог» («Мядзінінкай») і «Беняконі» («Шальчынінкай»). Нагрузка на гэтыя пераходы пасля закрыцця чатырох пераходаў стала большай. Аднак праблема з чэргамі абвастрылася толькі ў апошнія дні.

Беларускія памежнікі і мытнікі: «Вінаватыя суседзі»

Беларускія памежнікі сцвярджаюць, што ў цяжкай сітуацыі вінаватыя іх літоўскія калегі.

— Сітуацыя з запаволеным афармленнем транспарту застаецца нязменнай: літоўскія кантрольныя службы працягваюць парушаць нормы пропуску, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Лідскага пагранатрада Дзяніс Пятроўскі. — За апошнія суткі на пункце «Шальчынінкай» літоўцы аформілі толькі каля 50 грузавікоў, што складае 20% ад нормы.

Беларускія мытнікі днямі таксама выступілі з абвінавачаннем літоўскага боку:

«Назіраецца відавочнае скарачэнне колькасці легкавога транспарту, які прымаецца літоўскімі кантралюючымі службамі на выезд з Беларусі. Прычына ў наўмыснай павольнай працы сумежнага боку». — сцвярджалі ў Мытным камітэце.

Біяпрыбіральні, бясплатная каша і ДАІ. Што адбываецца на мяжы з Літвой, дзе захраслі сотні машын.
Чэргі на мяжы ў Беняконях. Фота: voran.by

Сітуацыю на мяжы літоўскія службы ў гэтыя дні не каментавалі.

Аднак яшчэ ў пачатку жніўня літоўскі тэлеканал tv3.lt звяртаў увагу на чэргі на літоўска-беларускай мяжы. Праўда, гаворка ішла пра пункт пропуску «Мядзінінкай». Сітуацыя ў ім пагоршылася з-за таго, што пачалося скарачэнне колькасці аўтобусных рэйсаў паміж Мінскам і Вільнюсам. Тады літоўскі перавозчык Eurolines і беларускі «Мінсктранс» абвясцілі пра прыпыненне большасці сваіх маршрутаў. І скарачэнне рэйсаў толькі працягнулася.

Біяпрыбіральні, бясплатная каша і ДАІ. Што адбываецца на мяжы з Літвой, дзе захраслі сотні машын.
У Беняконях людзей, якія чакаюць у чарзе, кармілі бясплатна кашай. Фота: voran.by

Жыццё ў Беняконях ў рэжыме чакання

У аграгарадку Беняконі пануе незвычайнае для яго ажыўленне. Мясцовыя жыхары прызнаюцца, што ўжо адвыклі ад такога скопішча легкавых аўтамабіляў на цэнтральнай вуліцы. Але Воранаўскі раён не ўпершыню сутыкаецца з падобнай сітуацыяй, і ўлады запэўніваюць, што механізм дапамогі людзям, якія захраслі на мяжы, наладжаны.

— У пасёлку ўсталявалі біяпрыбіральні, гандлёвыя кропкі працуюць да 23:00. Мясцовая амбулаторыя перайшла на кругласутачны рэжым, а ў цэнтры дзяжурыць брыгада хуткай дапамогі. Гродзенскі філіял РУП «Белмытсэрвіс» працуе ва ўзмоцненым рэжыме: тут можна памыцца і купіць гарачыя стравы. За бяспекай на дарогах сочаць супрацоўнікі ДАІ, а хуткасць руху ў аграгарадку зніжана, — адзначыла намесніца старшыні райвыканкама Галіна Шарко.

Біяпрыбіральні, бясплатная каша і ДАІ. Што адбываецца на мяжы з Літвой, дзе захраслі сотні машын.
У Беняконях паставілі біятуалеты. Фота: voran.by

Што кажуць людзі, якія захраслі на мяжы

Міхаіл:

— Пакуль з прыяцелямі захраслі на чатыры гадзіны. Мы працуем у Літве, але калі давядзецца спазніцца на сваю змену, спадзяемся, наймальнік зразумее і пойдзе насустрач.

Сяргей:

— З Наваградка, дзе жыву, выехаў у чатыры раніцы. Не думаў, што давядзецца настолькі затрымацца на мяжы. Гэта ў мяне ўпершыню. У першай палове дня нязручнасць стварала адсутнасць біяпрыбіральняў, добра, што цяпер іх усталявалі. Бачу, што пастаянна курсуе аўтамабіль ДАІ, парадак на дарозе забяспечваецца.

Аляксей і Таццяна, грамадзяне Германіі:

— Прыехалі ў Беларусь па бязвізе, вяртаемся дадому. У Беняконях ужо з 6 раніцы. Калі б ехалі без дзяцей, то, магчыма, не так бы перажывалі.

Падлічылі, што ў чарзе мы 115-я. А вельмі разлічвалі, што да вечара зможам быць у Вільні і заселімся ў гатэль. Перспектыва начоўкі ў машыне з дзецьмі, вядома ж, не вабіць. У панядзелак трэба ўжо выйсці на працу, вось гэта нас турбуе.