Рэканструкцыя ачыстных збудаванняў у Лідзе пачалася летам 2025 года. Нядаўна аб’ект наведаў старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Версоцкі. Высветлілася, што тэмп работ там запаволіўся. Гісторыя з мадэрнізацыяй гэтых збудаванняў няпростая, праблемы з іх абнаўленнем у горадзе ўзнікалі і раней, а пачатак рэканструкцыі аднойчы ўжо адклалі. З-за санкцый.
Пра тое, што трэба паскорыць рэканструкцыю ачыстных збудаванняў, Версоцкі напісаў у сваім Telegram-канале.
Навошта патрэбны ачыстныя збудаванні ў гарадах
Ачыстныя збудаванні прымаюць сцёкавыя воды з дамоў і прадпрыемстваў, выдаляюць шкодныя рэчывы і вяртаюць ваду ў прыроду ўжо бяспечнай. Без іх немагчыма падтрымліваць чысціню рэк і азёр, а таксама забяспечваць санітарную бяспеку.
Сучасныя сістэмы чысцяць ваду механічна і біялагічна з дапамогай мікраарганізмаў, якія «з'ядаюць» забруджванні. Калі ў ваду трапляе занадта шмат хімікатаў або прамысловых сцёкаў, мікраарганізмы гінуць, і ачыстка перастае працаваць эфектыўна.
Шмат прадпрыемстваў і забруджванне Дзітвы.
Зараз ачыстныя збудаванні ў Лідзе працуюць з перагрузкай. Іх пабудавалі яшчэ ў 1971 годзе, а апошняя буйная рэканструкцыя была ў 2002-м. З таго часу горад вырас, і магутнасці перасталі спраўляцца. Аб гэтай праблеме летась пісала мясцовае дзяржаўнае выданне «Лідская газета».
Па параўнанні з 1965 і 2002 гадамі забруджванне вод у Лідзе павялічылася ў 3−4 разы. Значную долю ў забруджванне ўносяць мясцовыя прамысловыя прадпрыемствы. На іх долю прыпадае каля 30% усіх сцёкаў. Сярод іх малочна-кансервавы камбінат, ААТ «Лідскае піва», вытворчы ўчастак Гродзенскага мясакамбіната, ліцейна-механічны завод, «Лідсельмаш», «Конус» і іншыя.
Частка прадпрыемстваў мае лакальныя ачыстныя збудаванні, але яны часта выходзяць з ладу, а на некаторых іх увогуле няма. У выніку ў лідскую каналізацыю рэгулярна паступаюць «залпавыя скіды» з перавышэннем дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў. У 2023 годзе лабараторыя Лідскага камунальнага прадпрыемства зафіксавала 54 такія выпадкі і наклала штрафы, у 2024-м — 23.
З-за гэтых скідаў пакутуе якасць вады ў рацэ Дзітва, правым прытоку Нёмана. Праблему фіксавалі яшчэ летам 2018 года. Тады вінаватым аказалася Лідская ЖКГ, і службовая асоба прадпрыемства была аштрафавана.
Пра тое, што ў раку скідваюцца неачышчаныя сцёкавыя воды, яшчэ ў 2019 годзе казаў Вітольд Ашурак. Улетку таго года вада ў рацэ стала мутнай, назіраўся мор рыбы. Тады ў вадаём, як высветлілася, трапілі неачышчаныя сцёкавыя воды, па гэтым факце нават была заведзена крымінальная справа.
Актывісты выходзілі на пікеты да будынка Лідскага райвыканкама, каб прыцягнуць увагу да экалагічнай катастрофы мясцовага маштабу. За гэта актывісты Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус былі аштрафаваныя.

Да праблемы спрабаваў прыцягнуць увагу гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон. Ён выйшаў з плакатам на гродзенскі Стары мост.
Аднак устанавіць тых, хто вінаваты ў забруджванні ракі, пакуль не ўдалося, таму папярэдняе расследаванне па справе было прыпыненае.
Спрабавалі прыцягнуць еўрапейскае фінансаванне
Сітуацыю з ачысткай сцёкавых вод у Лідзе не маглі вырашыць некалькі гадоў. Аднак пытанне рэканструкцыі важных для горада збудаванняў час ад часу ўздымалася ў дзяржаўнай прэсе і на нарадах мясцовых улад.
Яшчэ ў 2011−2012 гадах Лідскае ГУП ЖКГ актыўна шукала інвестараў для рэканструкцыі. Неабходнасць абнаўлення пацвярджалі і даследаванні: у 2013 годзе Мінпрыроды, Лідскае ГУП ЖКГ і Паўночная экалагічная фінансавая карпарацыя ацанілі забруджванне рэгіёна біягеннымі рэчывамі, у тым ліку іх паступленне ў Балтыйскае мора.

Мясцовыя ўлады спрабавалі знайсці інвестара за мяжой і атрымалі згоду на выдзяленне 9 мільёнаў еўра ад ЕБРР (3 млн — грант, 6 млн — крэдыт). Аднак у 2022 годзе праект быў згорнуты, і грошы так і не паступілі з-за санкцый.
Рэканструкцыя ўсё ж пачалася: крэдыт узялі ў Беларусі
У 2023 годзе Лідскае ГУП ЖКГ за ўласныя сродкі замовіла праект рэканструкцыі каналізацыйных ачыстных збудаванняў у прадпрыемства «Брэсткамунпраект». Праект улічвае бягучыя і будучыя аб’ёмы сцёкавых вод, а кошт аб’екта перавышае 96 мільёнаў рублёў.
Плануецца, што работы будуць выконвацца ў тры этапы на працягу некалькіх гадоў, па меры паступлення фінансавання.
З 2024 па 2025 год быў заключаны крэдытны дагавор з Беларускім банкам развіцця на больш чым 38 мільёнаў рублёў для першай чаргі рэканструкцыі. Яе пачалі летам гэтага года. Пагашэнне крэдыту будзе ажыццяўляцца з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.
Падрадчыкам на першым этапе выступае Лідскі Будаўніча-мантажны трэст № 19. Першы этап плануюць завяршыць да канца 2025 года.

Па словах Аляксандра Версоцкага, цяпер узводзяцца аэратэнкі — рэзервуары для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод, помпавыя станцыі, другасны адстойнік, ідзе мантаж трубаправодаў і аўтаматызацыя. Але работы трэба паскорыць.
«На ачышчальных давядзецца паскорыць тэмпы. Праект важны, і мы не можам дазволіць сабе аслабіць хватку — падрадчыку трэба фарсіраваць работы», — напісаў Версоцкі. Аднак ён не ўдакладніў, чаму рэканструкцыя ачыстных збудаванняў затармазілася.