Новыя валідатары ўстанаўліваюць на поручнях аўтобусаў. На іх з’яўленне звярнулі ўвагу гараджане, паведамляе NewGrodno.by. Калі новая сістэма пачне працу, пакуль невядома — абсталяванне яшчэ наладжваюць.

Гэта валідатары aQsi, якія пастаўляе фірма з Расіі. Калі яны запрацуюць, аплаціць праезд можна будзе карткай ці электронным праязным.

Пра тое, што аплату праезду ў гродзенскім транспарце хочуць зрабіць электроннай, стала вядома у кастрычніку 2024 года. Да канца года планавалі выканаць тэхнічнае абгрунтаванне праекта.

Цяпер для Гродна набываюць электронныя праязныя, на гэта выдаткуюць 20 тыс. руб. з Інвестыцыйнага фонду Гродзенскага аблвыканкама. Праект рэалізуе аўтобусны парк Гродна.

Гродна — адзін з апошніх абласных цэнтраў, дзе яшчэ ёсць старыя кампосцеры

Першым беларускім горадам, дзе мясцовыя ўлады вырашылі адмовіцца ад старога тыпу кампосцераў, стаў Мінск. Аўтаматычную сістэму кантролю аплаты там увялі яшчэ ў 2014 годзе. На сённяшні дзень электронныя валідатары ўсталяваны ва ўсіх відах сталічнага транспарту.

Наступным абласным цэнтрам стаў Брэст. Прылады для аплаты ўсталявалі ў эксперыментальным фармаце ў 2023 годзе. У Гомелі і Магілёве тэсціраваць новую сістэму аплаты пачалі ў студзені-лютым 2024 года.

Апошнімі абласнымі цэнтрамі, дзе ў грамадскім транспарце адсутнічае электронная сістэма аплаты, стаў Гродна і Віцебск. Пакуль пасажыры гэтых гарадоў могуць карыстацца плацежнай сістэмай па QR-коду «Аплаці».

Чытайце таксама: «Сардэчна запрашаем у электронны канцлагер». Замене кампосцераў у гродзенскім транспарце ўзрадаваліся не ўсе