Пра затрыманне супрацоўніка «Гроднажылбуд» паведамілі на сайце прадпрыемства. Кіраўніцтва арганізацыі правяло сход працоўнага калектыву з гэтай нагоды.
Вядома, што мужчына працаваў у арматурным цэху, цяпер ён у СІЗА. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 артыкула 367 КК. Мужчыне пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.
Падчас гутаркі з работнікамі прадпрыемства кіраўніцтва «Гроднажылбуда» «асудзіла ўчынак былога супрацоўніка».
Нагадаем, супрацоўнікі «Гроднажылбуда» пасля прэзідэнцкіх выбараў абвяшчалі забастоўку. 13 жніўня 2020 года каля ўваходу на прадпрыемства сабралася каля 250 чалавек.
Тады ў арганізацыю прыязджалі ўлады горада: тагачасныя намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко, галоўны пракурор горада Уладзімір Клішын, а таксама прадстаўнік МУС.
Работнікі падрыхтавалі ліст з патрабаваннямі да гарадскіх уладаў, а 18 жніўня супрацоўнікі вырашылі ўзаконіць забастоўку. Быў праведзены сход: «за» забастоўку прагаласавалі 1959 супрацоўнікаў, «супраць» — 638.
Усяго ў кампаніі на той момант працавала каля 4000 чалавек. Ужо да 24 жніўня 2020 года асноўная маса супрацоўнікаў працягнула працаваць «як раней», а на будаўнічых прадпрыемствах горада пачаўся кропкавы ціск на супрацоўнікаў.