Крымінальную справу ў дачыненні да васьмі жыхароў Ваўкавыска пачалі разглядаць 11 жніўня. Беларусаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361−1 КК). Усе фігуранты знаходзяцца ў зняволенні на працягу 10 месяцаў, паведамляе «Вясна».
Справу разглядае суддзя Зінаіда Барцэвіч. Палітычна матываваныя прысуды Барцэвіч выносіла яшчэ ў 2011 годзе.
Хваля затрыманняў па справе «дваровых чатаў» адбылася восенню 2024. Людзей, якія нібыта «спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады», затрымлівалі ў розных рэгіёнах Беларусі.
Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой, некалькі дзясяткаў чалавек — у зняволенні. Беларусаў абвінавачвалі па артыкуле 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, якія здзяйсняюцца ў мэтах захопу дзяржаўнай улады). Пазней абвінавачанне перакваліфікавалі ў 361−1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Некаторых фігурантаў абвінавачваюць адразу па двух артыкулах.
Першыя масавыя суды па гэтай справе пачаліся ў ліпені 2025 года.