Да такога рашэння прыйшлі пасля таго, як Гродна наведаў прадстаўнік правінцыі Ганьсу ў Беларусі Ло Гапін і галоўны няштатны спецыяліст па нетрадыцыйных метадах лячэння Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Сівакоў.
Ло Гапін і Сівакоў сустрэліся з намеснікам старшыні Андрэем Болтрыкам і начальнікам упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Людмілай Кеда 15 жніўня, паведамляе Telegram-канал «Здравоохранение Гродненщины».
На сустрэчы абмеркавалі магчымасць адкрыцця ў Гродне цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны. Патэнцыйнае месца размяшчэння новага цэнтра — паліклініка № 8. Яго адкрыццё прадугледжвае праграма супрацоўніцтва Гродзенскай вобласці і правінцыі Ганьсу на 2024—2026 гады.
Таксама на сустрэчы абмяркоўвалі ўмацаванне сувязей паміж вобласцю і правінцыяй Ганьсу ў сферы аховы здароўя.
Якія праекты ў Гродне дэлегацыя з Ганьсу ўжо спрабавала рэалізаваць
У Гродне ўжо быў цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны. Яго пабудавалі ў 2017 годзе на грошы інвестараў з Кітая, якія ўклалі амаль $ 600 тыс. Цэнтр знаходзіўся на вуліцы Даватара побач з дзіцячай паліклінікай. Цяпер ён зачынены — не перажыў пандэміі.
У снежні 2019 года ў Гродне адкрыўся выставачны цэнтр Ганьсу. Там дэманстравалі прадукты, прывезеныя з Кітая: сухафрукты, гарбаты, маслы і грыбы. Але ў рэальнасці цэнтр не пачаў працу і купіць там што-небудзь было немагчыма.
У тым жа годзе на сустрэчы гродзенскіх чыноўнікаў з кітайскай дэлегацыяй абмяркоўвалася магчымасць адкрыцця рэстарана традыцыйнай кухні. Гродзенскі гарвыканкам мусіў даць некалькі месцаў для будаўніцтва ці прапанаваць гатовыя будынкі. Рэстаран так і не з’явіўся.
У 2016 годзе кампанія «Цюань Шэнь» з правінцыі Ганьсу набыла гасцініцу «Гродна». Планавалася, што фірма зоймецца рэканструкцыяй гатэля. Але рэалізацыю праекта так і не пачала.
Па тэме: Гасцініцу «Гродна» думаюць перапрадаць — на рашэнне пытання інвестару далі месяц
Гродна супрацоўнічае з правінцыяй Ганьсу з 2007 года. У 2022 чыноўнікі адзначылі 15-годдзе пабрацімства і дыпламатычных адносін.
Чытайце таксама: Фільм на кітайскай раскажа пра Гродна і яго «інвестыцыйную прывабнасць»