Святкаваць Дзень горада ў Гродне будуць 5 і 6 верасня. Запланавана некалькі фестываляў, адкрыццё новай пліты на «Алеі кіно» і выступленне запрошанай зоркі — расійскай спявачкі Марыі Краймбрэры.
Абноўлены сквер і ўпрыгожанні горада: як Гродна падрыхтуюць да свята
Напярэдадні свята ў Гродне адкрыюць абноўлены сквер на вуліцы Дарвіна. Таксама завершаць работы ў басейне СДЮШАР № 5.
У гонар Дня горада ў Гродне ўсталююць больш за 100 канструкцый. З’явяцца і новыя — рукі, якія ўтвараюць сэрца, і кветкавы кошык-шар.
5 верасня: новая пліта на «Алеі кіно» і фестываль ліхтарыкаў
Мерапрыемствы пачнуцца з ускладання кветак да брацкай магілы ў парку Жылібера.
У абласной філармоніі аб’явяць імёны гараджан, якія атрымаюць званне ганаровага грамадзяніна Гродна.
Адкрыюць і новую пліту на «Алеі кіно». Яе прысвяцілі фільму «Годен к нестроевой» 1968 года. Эпізоды карціны здымалі ў Гродне і наваколлях.
Завершаць свята фестывалем водных ліхтарыкаў - ён пройдзе ў Швейцарскай даліне. З надыходам цемры ў парку запаляць фотазоны і інсталяцыі: месяц на вадзе, матылькі, кветкі і планеты.
6 верасня: Фестываль сыру і канцэрт Марыі Краймбрэры
Фестываль сыру стане галоўным мерапрыемствам дня. Фестываль пройдзе на плошчы Леніна. Запланавана прэзентацыя новага віду сыру, дэгустацыі і майстар-клас па вырабе гродзенскіх губертыкаў.
З боку плошчы Тызенгаўза зладзяць «Танцавальны рух па-гродзенскі» з віртуальнымі танцамі і флэшмобамі. Побач будзе кафэ з тэрасай.
На вуліцы Ажэшкі пройдзе фестываль графіцістаў. Дзеці змогуць памаляваць на асфальце — ім выдадуць трафарэты.
У другой палове дня ў парку тэатр лялек пакажа спектакль «Дзень нараджэння Чабурашкі». У Швейцарскай даліне разгорнецца батлеечны тэатр.
На Савецкай вуліцы запланаваны выступленні жывых скульптур, хадулістаў, раставых лялек і лялек-волатаў.
Каля ЦУМа выступіць Гродзенская капэла, каля Маладзёжнага цэнтра «Гродна» адбудзецца марафон і фестываль фарбаў «ГродноХоли». Побач з будынкам прафсаюзаў будзе караоке.
Воднае шоу пройдзе на Леванабярэжнай. У праграме — флайбардысты, паказальныя выступленні МНС і заплыў на байдарках.
Хэдлайнер вячэрняга канцэрту — Марыя Краймбрэры. Таксама выступяць прадстаўніца Беларусі на «Інтэрбачанні» Насця Краўчанка, кавер-гурт «Дэльтаплан», Каця Кейсі і Сяргей Собаль.
Вечар завершыцца ў 22:00 феерверкам.