За сем месяцаў 2025 года ў Гродзенскай вобласці пасля ўкусаў жывёл па медыцынскую дапамогу звярнуліся амаль 1270 чалавек. Трэць з іх — дзеці. У адным толькі абласным цэнтры зарэгістравалі 430 пацярпелых.
Летам колькасць выпадкаў укусаў жывёл традыцыйна расце. Толькі за ліпень у Гродне зафіксавана 83 пацярпелыя — у сярэднім па тры чалавекі ў дзень. Для параўнання, у ліпені мінулага года было 55 такіх зваротаў, а ў жніўні — 43, паведамляе тэлеканал «Беларусь 4. Гродна».
Ва ўстановы аховы здароўя Гродзеншчыны людзі звяртаюцца пасля ўкусаў як дзікіх жывёл, так і хатніх, у тым ліку і безнаглядных. Часцей за ўсё звяртаюцца пасля ўкусаў катоў і сабак. Бывае, што людзі кантактуюць з дзікімі жывёламі — напрыклад, пагладзяць вожыка і ўколюцца аб яго іголкі. Кусалі лісы, яноты.
Медыкі нагадваюць: незнаёмыя вам жывёлы могуць быць пераносчыкамі шаленства. Гэта значыць, што пасля сустрэчы, магчыма, прыйдзецца прайсці курс вакцынацыі. Спачатку ўстанаўліваецца нагляд — за знешне здаровай жывёлай назіраюць 10 сутак. Калі яна застаецца здаровай, ветэрынары маюць права адмяніць курс прышчэпак. Пацыент праходзіць умоўны курс (2−4 ін'екцыі — Hrodna.life) пасля кантакту з жывёлай, пасля ўкусу, пакідання драпіны ці сліны.
Калі ж чалавека ўкусіла дзікая жывёла і нагляд за ёй немагчымы, пацярпеламу прызначаюць поўны курс вакцынацыі.
Чаму патрэбныя прышчэпкі?
Каб папярэдзіць развіццё шаленства, патрэбна вакцынацыя. У Гродне людзей шчэпяць двума відамі вакцын. Альбо ўводзяць кітайскую вакцыну супраць шаленства на працягу двух месяцаў, альбо вакцыну расійскай вытворчасці — яе колюць на працягу трох месяцаў. Пры ўкусах у вобласць кісцей, твару, шыі, а таксама пры шырокіх або множных ранах пацыентаў накіроўваюць на лячэнне ў стацыянар.

Чым небяспечна шаленства?
Шаленства — гэта смяротнае захворванне, на якое хварэюць жывёлы і людзі. Ратуе толькі своечасовая вакцынацыя.
У Беларусі, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, кожны год рэгіструюцца выпадкі захворвання на шаленства сярод як дзікіх, так і хатніх жывёл, а таксама сярод сельскагаспадарчых. Гэта буйная рагатая жывёла, коні, дробная рагатая жывёла. Напрыклад, у ліпені гэтага года ў Беларусі знайшлі авечку, хворую на шаленства.
Што рабіць, каб не заразіцца шаленствам?
Трэба:
- Выконваць устаноўленыя правілы ўтрымання дамашніх жывёл (сабак, кошак) і штогод абавязкова ставіць ім прышчэпкі ад шаленства.
- Пры падазрэнні на шаленства ў жывёлы або яго раптоўнай гібелі трэба тэрмінова звярнуцца да ветэрынара для 10-дзённага назірання або высвятлення прычыны смерці.
- Выключыць кантакты з жывёламі, асабліва з дзікімі або безнагляднымі.
Важна памятаць, што, як правіла, здаровыя дзікія жывёлы пазбягаюць сустрэчы з чалавекам. Калі такая жывёла з’яўляецца ў населеным пункце, можна меркаваць, што яна хворая на шаленства, і да яе не варта падыходзіць.
У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі таксама не рэкамендуюць забіраць з вуліцы бяздомных або хворых жывёл. Калі вы ўсё ж гэта зрабілі, знайдзіце магчымасць як мага хутчэй паказаць гадаванца ветэрынару і зрабіць яму прафілактычную прышчэпку супраць шаленства.
Што рабіць, калі жывёла ўкусіла?
Трэба:
- старанна прамыць струмнем вады з мылам месца ўкусу;
- пры наяўнасці пашкоджання — апрацаваць краі раны 5% настойкай ёду/павідон-ёдам або любым спіртазмяшчальным антысептыкам;
- накласці стэрыльную павязку і на працягу сутак пасля кантакту звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.
Толькі ўрач (хірург, траўматолаг) ацэніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і прызначыць, пры неабходнасці, курс прышчэпак.
Адначасова са зваротам да ўрача трэба па магчымасці ізаляваць жывёлу і выклікаць спецыяліста ветэрынарнай службы для кансультацыі і арганізацыі ветэрынарнага нагляду.