У Лідскім раёне ў красавіку 2025 года на птушкафабрыцы загінула больш за 10 тысяч куранят-бройлераў. За падзеж птушкі судзілі аператара і вартаўніка прадпрыемства. Яны павінны кампенсаваць фабрыцы шкоду і выплаціць 14,4 тысячы рублёў.

Паводле звестак Генпракуратуры, загінула 10 146 куранят, прычына — удушша. Прычынай падзежу стала спыненне працы вентылятара і павышэнне тэмпературы ў птушніку.

Вінаватымі прызналі аператара і вартаўніка птушкафабрыкі. Іх судзілі па артыкуле 400 Працоўнага кодэкса, які рэгулюе ўмовы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за шкоду, прычыненую наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў.

Пракурор Лідскага раёна падаў пазоў у інтарэсах сельскагаспадарчага прадпрыемства аб спагнанні шкоды. Суд задаволіў патрабаванні: аператар і вартаўнік абавязаны выплаціць 14,4 тысячы рублёў на карысць птушкафабрыкі.

Рашэнне суда не ўступіла ў законную сілу і можа быць апратэставана ці абскарджана.