Дзяўчына, якая жыве ў Тбілісі і Мінску, прыехала ў Гродна і засталася расчараваная. Паводле яе слоў, чаканні не супалі з рэальнасцю. Пост знайшоў водгук у іншых карыстальнікаў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што яшчэ не спадабалася турыстам у нашым горадзе.

«Мне не спадабалася ў Гродне. Хоць да таго, як я туды трапіла, чула толькі захопленыя водгукі. Казалі, што гэта еўрапейскі горад, што там прыгожа і цікава. Думаю, галоўная прычына майго расчаравання — неадпаведнасць чаканняў і рэальнасці. Калі б першапачаткова быў іншы пасыл, рэакцыя таксама была б іншай. Гродна — невялікі, правінцыйны горад, які можна пагледзець за адзін дзень, нават без начоўкі. Так, тут ёсць гістарычныя будынкі, але шмат новадзелаў (той жа Стары замак)», — напісала аўтарка.

Гродна — правінцыйны горад без «еўрапейскага вайба». Турыстцы не спадабаўся абласны цэнтр, каментатары паспрачаліся
Вуліца Савецкая. Фота: Ганна Саловіч, Threads

Яна дадала, што на вуліцах шмат моладзі, якая размаўляе мацюкамі, п’яных гараджан і турыстаў, людзей, якія гуляюць пад старую вулічную музыку пачатка 2000-х. На яе думку, Гродна — гэта не еўрапейскі горад, а сумесь савецкай і дарэвалюцыйнай архітэктуры, дзе першай усё ж больш.

Яшчэ яна паскардзілася, што ў касцёлы яе не пусцілі, дазволілі зайсці толькі на парог. У цэлым, лічыць яна, у Гродне варта глядзець толькі храмы. Не спадабаліся і цэны на жыллё: яна здымала аднапакаёвую кватэру за 250 рублёў. Колькі сутак, не ўдакладніла.

«Гродна — звычайная правінцыя без еўрапейскага вайба»

Многія каментатары пагадзіліся з яе словамі:

— Мяне Гродна ў першы раз таксама не ўразіў. Дзякуючы сацсеткам планка чаканняў вельмі высокая, але горад яе не апраўдаў. Еўрапейскага вайба я не адчуў. Той жа Каўнас, які менш за Гродна і таксама стаіць на Нёмане, значна больш еўрапейскі, — напісаў адзін з карыстальнікаў.

 — Мяне ўразіла адсутнасць сучаснага добраўпарадкавання на набярэжнай. Такое месца прыгожае, моцнае і такі калгас, гораду відавочна не хапае грошай, — дадаў іншы.

Набережная Гродно
Набярэжная Гродна. Фота: Urban Hrodna

— Мне таксама Гродна не зайшоў. Усе вакол захапляюцца, а я не адчуваю абяцанай даўніны і культурнасці. Была двойчы — 12 гадоў таму і ў мінулым годзе. Так, ён стаў цікавей, але для мяне так і застаўся ніякім. Вельмі шмат падарожнічаю па Беларусі, і па Гродзенскай вобласці (і не толькі) вельмі шмат такіх жа гістарычных гарадкоў са сваёй атмасферай, — напісала яшчэ адна дзяўчына.

— Цалкам падзяляю вашыя ўражанні. Ёсць пара сімпатычных лакацый (як і ў любым горадзе), але ў цэлым — звычайная савецкая правінцыя. Нават з Вільнюсам побач не стаяў, — адзначыла іншая кfментатарка.

«Не трэба вывучаць горад па метадычцы»

Аднак былі і іншыя меркаванні. Частка карыстальнікаў тлумачылі, што Гродна — гэта не толькі цэнтр, а мноства цікавых месцаў. Згадвалі і пра больш даступнае жыллё. Напрыклад, адна турыстка здымала кватэру ў цэнтры за 50 рублёў у суткі.

— Для шмат каго Гродна — гэта некалькі славутасцяў і Савецкая вуліца. Але на самой справе тут можна гуляць бясконца: фартоў вакол горада каля дзясятка, старадаўнія могілкі, сядзібы, млын з вадаспадам, кожны двор у гістарычным цэнтры — шэдэўр. Ёсць шпіталь царскіх часоў, руіны ў лесапарку, «дом Дракулы», Лямус, музеі рэдкіх тэматык, кунсткамера, — напісаў карыстальнік.

— Не варта ехаць у беларускі горад у пошуках Еўропы — тут яе няма, адсюль і расчараванне. Але па параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі Гродна прыгожы, — заўважыла адна з каментатарак.

Гродна — правінцыйны горад без «еўрапейскага вайба». Турыстцы не спадабаўся абласны цэнтр, каментатары паспрачаліся
Адзін з гродзенскіх двароў. Фота: з архіва Hrodna.life

— Гэта не праўда, што ён правінцыйны: тут жыве каля 350 тысяч чалавек. Гэта, напэўна, самы еўрапейскі горад Беларусі. Паглядзіце на Стары замак, касцёлы, Коложскую царкву — яна пакінула ў мяне неверагодныя ўражанні. У Еўропе я бачыла такое толькі ў Чэхіі, — падзялілася яшчэ адна дзяўчына.

Некаторыя раілі вывучаць Гродна «не па метадычцы» і нагадвалі пра мноства вулічных музыкаў.

 — Дастаткова 20 хвілін прагулкі па цёпламу вечароваму цэнтру ў пятніцу ў ліпені, каб зразумець, наколькі вы не маеце рацыю. Канцэрты вулічных музыкаў і кавер-гуртоў у кожным летнім дворыку, людзі вясёлыя, спяваюць Цоя і КІШа, — напісала адна з каментатарак.

— Гродна за адзін дзень можна абысці, калі хадзіць толькі ад Савецкай да набярэжнай. Але паверце, ёсць шмат месцаў, дзе вы не былі. Я пражыла тут 32 гады і кожны раз адкрываю горад нанова. Ён добраўпарадкоўваецца, і я хачу зноў вярнуцца сюды жыць. Гродна — гэта любоў, — сказала яшчэ адна карыстальніца.

Аўтарка паста ў адказ заўважыла, што такія месцы варта папулярызаваць:

 — Значыць, трэба нешта рабіць з стварэннем нейкіх цікавых нетыповых экскурсій, выданні пра Гродна. Прыдумляць маршруты і даносіць аб гэтым людзям. Я брала інфармацыю з адкрытых крыніц, таксама звярталася да экскурсійнага бюро, — напісала яна.