Пасля скаргаў на затоплены падвал у інтэрнаце на вуліцы Дамброўскага камунальнікі распавялі, што гродзенцы кідаюць у ўнітаз. І з-за чаго, на іх думку, і адбываюцца такія сітуацыі.

Нагадаем, гродзенец, які жыве ў інтэрнаце на вуліцы Дамброўскага, апублікаваў у TikTok відэа з скаргай на затоплены падвал, непрыемны пах і прусакоў. Ролік хутка стаў вірусным — ён набраў амаль 80 тысяч праглядаў і каля 150 каментароў, у якіх гараджане дзяліліся падобнымі гісторыямі.

Камунальнікі: «Спіс таго, што гродзенцы выкідваюць ва ўнітаз, бясконцы»

Тэлеканал «Гродна Плюс» пагаварыў з галоўным інжынерам Гродзенскага гарадскога прадпрыемства Цэнтральнай аварыйнай дзяжурна-дыспетчарскай службы Генадзем Асноўчыкам.

Ён паскардзіўся: спіс таго, што трапляе ва ўтыль праз каналізацыйныя трубы, бясконцы. Гродзенцы выкідаюць ва ўнітаз рэшткі ежы, выкарыстаныя памперсы, вільготныя сурвэткі, бульбяныя ачысткі, анучы. І дадаў, што праблема гэтая пастаянная, а людзі не глядзяць, што адпраўляюць у каналізацыю, і не задумваюцца аб наступствах.

— Хацелася б, каб нашыя жыхары да гэтага інжынернага абсталявання ставіліся больш адказна. Каля кожнага жылога дома, інтэрната ёсць кантэйнерныя пляцоўкі, куды можна вынесці смецце і выкінуць яго. Але часам атрымліваецца так, што чалавеку не хочацца ісці і ён кідае ў каналізацыю. А каналізацыя не перапрацоўвае гэта смецце. Гэта значыць, яно забівае сістэму каналізацыі і прыходзіцца сантэхнікам хадзіць і чысціць гэтую каналізацыю.

Засоры — прычына пастаянных выклікаў камунальнікаў

У некаторыя дамы аварыйную службу выклікаюць па некалькі раз у дзень. Гэта адбываецца ў тым ліку і ў згаданым інтэрнаце па вуліцы Дамброўскага, а таксама ў суседнім доме. У сюжэце тэлеканала такія ўзаемаадносіны жыхароў і камунальных службаў называюць барацьбой, якая вядзецца па трэцім законе Ньютана — дзеянне аварыйнай службы раўняецца процідзеянню жыхароў.

Таксама адзначаецца, што камунальнікі праводзяць гутаркі з жыхарамі. Яны маюць поспех — так, яны ўжо паўгода не прыязджалі ў інтэрнаты на вуліцы Томіна, 18, 18А, дзе, як аказалася, таксама былі падобныя праблемы з каналізацыяй.