З’явіўся чат-бот, які дазваляе па каардынатах вызначыць, ці трапляе вашае месцазнаходжанне ў памежную зону або паласу. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, як працуе і што прапануе «прыгранічны» бот.
Чат-бот «Памежная зона і паласа Беларусі» стварыла Нацыянальнае кадастравае агенцтва. Ён дапаможа даведацца, дзе праходзіць памежная зона ці паласа ўздоўж мяжы Беларусі. Інфармацыя прадастаўляецца на падставе рашэнняў абласных уладаў. Межы зоны можна паглядзець на Публічнай кадастравай карце Беларусі.
Калі ўвесці свае каардынаты або адправіць месцазнаходжанне, бот вызначыць, ці знаходзіцца населены пункт у памежнай зоне (або паласе) або не.
Напрыклад, калі вы паехалі па грыбы ў лясы каля Астраўца і выйшлі да вёскі Захарышкі каля Гудагая — можна адправіць боту каардынаты, і ён падкажа, што вы ўжо знаходзіцеся ў памежнай зоне.
У чат-бота ёсць і блок з актуальнымі дакументамі, дзе можна паглядзець, якія населеныя пункты знаходзяцца ў памежных зоне і паласе, а таксама калі былі прынятыя рашэнні аб іх уключэнні.
Чым адрозніваюцца памежная зона і памежная паласа?
Памежная зона — гэта ўчастак мясцовасці, які прылягае да дзяржаўнай мяжы са спецыяльным пагранічным рэжымам. Звычайна зона распасціраецца ўглыб тэрыторыі Беларусі на адлегласць да 30 кіламетраў ад памежнай паласы.
Як патрапіць у памежную зону?
Беларусы і замежнікі з відам на жыхарства, знаходзячыся ў памежнай зоне, павінны мець пры сабе дакумент, які падцвярджае асобу: пашпарт, від на жыхарства, ваенны білет, вадзіцельскае пасведчанне або службовае пасведчанне з фатаграфіяй. Непаўналетнія да 14 гадоў павінны мець пасведчанне аб нараджэнні або пашпарт. Па патрабаванні памежнікаў або міліцыі дакументы неабходна прад’явіць, а пры неабходнасці — растлумачыць мэту знаходжання ў гэтай зоне.
Каму нельга ў памежную зону?
Уезд і перамяшчэнне ў пагранічнай зоне забаронены людзям, якія не жывуць (і не зарэгістраваныя) там пастаянна і:
— падазраюцца або асуджаны за сур’ёзныя злачынствы;
— парушалі мяжу або забарону на ўезд у Беларусь;
— неаднаразова парушалі памежныя правілы.
Абмежаванні дзейнічаюць да заканчэння тэрміну пакарання або адміністрацыйнага спагнання.
Памежная паласа
Памежная паласа — гэта частка памежнай зоны, размешчаная непасрэдна ўздоўж мяжы. Яна прызначана для працы памежнікаў. А таксама для будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў, якія забяспечваюць ахову дзяржаўнай мяжы.
Як патрапіць у памежную паласу?
Каб патрапіць у памежную паласу, патрэбны пропуск. Яго выдаюць тэрытарыяльныя органы памежнай службы бясплатна. Падаць заяўку можна праз Адзіны партал электронных паслуг. Ці асабіста — у бліжэйшае памежнае падраздзяленне. Пропуск выдаецца на тэрмін да двух гадоў, афармленне займае да пяці працоўных дзён.
Пры паездцы ў памежную паласу трэба мець пры сабе дакумент. І загадзя папярэдзіць памежнікаў па тэлефоне пра мэты візіту.
За парушэнне правілаў пропуск забіраюць і могуць аштрафаваць на ад 10 да 50 базавых велічынь.