У Гродне ля возера на вуліцы Рэпіна адкрылі інклюзіўную спартыўна-гульнявую пляцоўку. Праект — гэта ініцыятыва гродзенцаў: супрацоўнікаў і бацькоў падапечных
Цэнтра дапамогі «Вера». Ён стаў пераможцам конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Пад пастом пра адкрыццё гродзенцы пачалі раіць, дзе яшчэ варта арганізаваць дзіцячыя пляцоўкі.
На пляцоўцы ўстаноўлены разнастайныя гульнявыя элементы: арэлі-балансір, арэлі-гняздо, падвесныя арэлі і «Пясочны дворык». Для дзяцей з абмежаванай рухомасцю абсталяваны гульнявы манеж з двума пандусамі, а таксама размешчаны адаптаваныя канструкцыі — «Самалёцік» і «Зоркалёт», паведамляе «Гродна Плюс».

Кошт новага аб’екта — больш за 80 тысяч рублёў. Грошы вылучыў Гродзенскі аблвыканкам. Мясцовыя жыхары падчас адкрыцця казалі, што пляцоўка атрымалася функцыянальнай і «дзеці могуць тут надоўга «завіснуць».
Праўда, у адной з суполак у Instagram гродзенцы трохі пакрытыкавалі новае месца для дзяцей. Звярнулі ўвагу, што няма спецыяльнага пакрыцця, а толькі пясок, які падчас дажджлівага надвор’я будзе ператварацца ў бруд.
«Пляцоўка добрая, але сапраўды вельмі не хапае пакрыцця на ёй. Лета дажджлівае, там вельмі брудна, на жаль», — напісала адна з карыстальніц.

Дзе яшчэ варта паставіць пляцоўку?
Таксама ў каментарах звярнулі ўвагу на тое, што ў некаторых раёнах горада не хапае дзіцячых пляцовак. Так, напрыклад, па словах мясцовых жыхароў, на Урублеўскага «няма ніводнай нармальнай дзіцячай пляцоўкі».
«Жывем у кітайскай сцяне (Урублеўскага 58, 68, 78 — Hrodna.life), дом з трох дамоў, і няма пляцоўкі», — напісаў адзін з каментатараў.
«Вельмі выдатна. А вось на БЛК, мабыць, такога хараства не прадбачыцца», — напісаў яшчэ адзін гродзенец.
Па словах гараджан, на Курчатава каля Скверу памяці воінаў-афганцаў новая дзіцячая пляцоўка за год эксплуатацыі моцна знасілася.

А на праспекце Касманаўтаў адну з пляцовак і зусім плануюць дэмантаваць з-за адсутнасці дзяцей — адпаведную аб’яву жыхары ўбачылі на дзвярах пад’ездаў.