Гродзенскі абласны суд 28 ліпеня завочна асудзіў 39-гадовага Андрэя Занеўскага да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мужчыну прызналі вінаватым па частцы 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса — здрада дзяржаве, паведамляюць праваабаронцы.

Занеўскага абвінавачвалі ў перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам. Падрабязнасці абвінавачвання невядомыя.

Судовы працэс пачаўся 16 чэрвеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», прысуд вынесены завочна.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, з 2020 года ў Беларусі паводле абвінавачання ў здрадзе дзяржаве асуджаныя як мінімум 108 чалавек.