У Гродне адкрылі іміджавую краму МНС — там можна купіць сувеніры з элементамі пажарнай службы. Крама знаходзіцца каля Пажарнай каланчы на Замкавай, 19. Адкрыццё прымеркавалі да Дня пажарнай службы, які ў Беларусі адзначаюць 25 ліпеня.
Ідэя іміджавай крамы належыць Міністэрству МНС і Беларускаму добраахвотнаму пажарнаму таварыству, піша «Гродзенская праўда».
У асартыменце: сродкі супрацьпажарнай і індывідуальнай абароны, знакі бяспекі, вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Прадаюць і сувеніры. Напрыклад, можна купіць бірульку з надпісамі «Не чапай запалкі» і «Не пакідай агонь без нагляду». Ёсць і дэкаратыўная падстаўка з малюнкам пажарнай каскі. Прадаюць і класічныя сувеніры: паштоўкі, фігуркі жывёл, кружкі і шоперы.




На думку Андрэя Хмеля, старшыні Гродзенскага гарвыканкама, крама стане важным турыстычным пунктам. «Пажарная каланча — месца гістарычнае, адно з самых паважаных у Гродне, і адкрыццё сувенірнай крамы ў гэтым месцы як нельга дарэчы. Гэта годны спосаб прыцягнення турыстаў», — лічыць Хмель.
Як пажарная каланча ператварылася ў турыстычны аб’ект?
У 1885 годзе буйны пажар знішчыў палову дамоў у Гродне. Каб сітуацыя не паўтарылася, на ахвяраванні мясцовых жыхароў у 1902 годзе ў горадзе пабудавалі пажарную каланчу.
Каланча стала помнікам архітэктуры і папулярным аб’ектам сярод турыстаў. З 2010 года на каланчу паднімаецца трубач, апрануты ў старажытную пажарную форму. Карані традыцыі таксама сыходзяць у мінулае — гук трубы паведамляў гараджанам, што ў горадзе ўсё спакойна.
На будынку каланчы ёсць пано — там намаляваны пажарныя, у тым ліку і дзяўчына з тварам Моны Лізы. Уласную Мону Лізу для Гродна намаляваў мастак Уладзімір Качан.
Чытайце таксама: Экскурсія (вакол) аднаго дома: пажарная каланча