Сусветны дзень барацьбы з гепатытам адзначаюць 28 ліпеня. З гэтай нагоды Hrodna.life сабраў рэкамендацыі медыкаў па прафілактыцы захворвання і даведаўся, дзе ў Гродне можна вакцынавацца.

Гепатыт — агульная назва для розных захворванняў, якія прыводзяць да запалення печані. Гепатыт бывае вірусным — яго класіфікуюць па відах А, B, C, D, E, F і G. І бывае таксічным: захворванне развіваецца, калі на печань уздзейнічаюць шкодныя рэчывы накшталт ядаў ці хімікатаў.

Вірусныя гепатыты лічацца самымі распаўсюджанымі. У прыватнасці, групы, А — перадаецца бытавым шляхам, праз забруджаную ваду і зносіны з інфіцыраваным чалавекам.

Гепатытам В заражаюцца пры кантакце слізістых абалонак або пашкоджанай скуры. Вірус можа перадавацца пры пераліванні крыві ці палавым шляхам. Лічыцца небяспечным, таму што працякае бессімптомна і можа выклікаць цяжкія паразы печані, у тым ліку цыроз.

Гепатытам С у асноўным заражаюцца праз кроў ці палавым шляхам. Адна з асаблівасцяў захворвання — вялікая колькасць формаў віруса, з якім імуннай сістэме складана справіцца. Пры адсутнасці лячэння гепатыт С прыводзіць да цырозу і раку печані.

Існуюць і іншыя віды гепатыту. Напрыклад, выкліканыя аутаімуннымі ці спадчыннымі захворваннямі.

Як засцерагчы сябе ад гепатыту

Каб пазбегнуць заражэння гепатытам А, медыкі раяць пасля наведвання туалета і вуліцы мыць рукі. Старанна прамываць садавіну і гародніну, нават калі яны раслі на ўласным агародзе. А яшчэ прывучаць дзяцей з ранняга дзяцінства выконваць правілы гігіены.

Для прафілактыкі заражэння гепатытамі В і С медыкі раяць карыстацца прэзерватывамі падчас сэксу і не ўжываць наркотыкі нутравенна.

Дзе ў Гродне вакцынавацца ад гепатыту

Ад гепатыту, А і B можа абараніць вакцына. Яна ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак і ўводзіцца нованароджаным у першыя 12 гадзін жыцця, а таксама ва ўзросце ад 2 да 4 месяцаў. Для прафілактыкі гепатыту С вакцыны няма.

Па тэме: У каляндар прышчэпак Беларусі ўключылі прышчэпку ад ВПЧ

З пяці вакцын ад гепатыту, А і В у дзіцячай цэнтральнай паліклініцы Гродна даступна две. Бельгійская «Хаўрыкс» (супраць гепатыту А) — уводзіцца дзецям старэйшым за адзін год і каштуе 72,7 руб. І французская «Гексаксім» (супраць гепатыту В) коштам 172,7 руб. Такая ж вакцына ёсць і ў ЛОДЭ — каштуе 154 руб.

Дарослыя пацыенты могуць прышчапіцца ад гепатыту B у гродзенскіх паліклініках № 5 і № 7. Прышчэпліваюць карэйскай «Эувакс В». Для рэгістрацыі трэба звярнуцца да урача-алерголага-імунолага.

Чытайце таксама: «Гэта нястрашна. Галоўнае — ведаць». Як у Беларусі і Польшчы ананімна прайсці тэст на ВІЧ і колькі гэта каштуе