Мінпрыроды апублікавала відэа ў TikTok пра раку Ятранка ў Навагрудку – 21 ліпеня туды трапілі сцёкавыя воды з гноем. Інстанцыя адрэагавала на зварот і праводзіць праверку. Беларусы ў каментарах звяртаюцца да ведамства і просяць звярнуць увагу на іншыя рэкі, якія забруджваюць прадпрыемствы.

Дзе ў вобласці ёсць праблемы з рэкамі?

Карыстальнік пад нікам sergei просіць звярнуць увагу на раку Негрымаўка ў Навагрудскім раёне. «Там сітуацыя яшчэ больш жаласная», — піша беларус.

У чэрвені 2022 года пасля лабараторнага аналізу стала вядома, што Негрымаўку забруджвалі ачышчальныя збудаванні Навагрудскай ЖКГ.

Aries просіць Мінпрыроды вывучыць сітуацыю з возерам у аграгарадку Радунь. «У раёне запраўкі ёсць возера. Ад яго гноем за кіламетр смярдзіць і комплекс побач стаіць ад гэтага возера ў кіламетрах 2-3».

Рэкі ў іншых рэгіёнах Беларусі таксама забруджваюць

Карыстальнік Феофан паскардзіўся на Бярозаўскі малочны камбінат – прадпрыемства скідае адходы ў раку Ясельду. “Страшна ў ваду зайсці, а калісьці была чыстая”, – дадае Александр Выберанец.

У Дзяржынскім раёне мясцовы агракамбінат злівае адходы ў рэкі. «Штодня і круглы год злівае жыжку вакол вёскі і ў рэкі. Беззаконне поўнае», — піша XBB

Евгений узгадвае яшчэ адну аварыю пад Дзяржынскам, калі адстойнік з гноем прарвала – усё пацякло ў рэчку Усу. «Мянтуз прапаў па ўсёй Усе і палове Нёмана, прынамсі да Стоўбцаў. Гаспадарка абышлася невялікім штрафам».

У Полацку мясцовая бальніца злівае адходы ў Дзвіну. «І ўсё гэта дабро ўніз па плыні, а там жа Курган і месца для купання – і не адно», – піша 19Игоревич87.  

Беларусы: “Заўтра знойдуць пенсіянера, якога аштрафуюць”

У каментарах пад ролікам Мінпрыроды некаторыя карыстальнікі лічаць, што сітуацыя не зменіцца – вытворчасці па-ранейшаму будуць забруджваць рэкі.

“З года ў год адно і тое ж – ну, аштрафуюць гаспадарку. Ну і што? Грошы часта бюджэтныя, з адной кішэні ў іншую. Кіраўніку значна прасцей заплаціць раз у год, чым вырашаць праблему сістэмна. Вось калі ў прыродааховы будуць паўнамоцтвы закрыць нафіг гэта прадпрыемства да ліквідацыі парушэнняў, а пры паўторным парушэнні закрыць яго назаўжды, толькі тады толк будзе. І не трэба ніякіх відэа-адказаў і паседжанняў”, – піша Natalia_.

“Ды не напружвайцеся. Заўтра знойдуць пенсіянера, якога аштрафуюць. Нешта іншае я нават не разглядаю”, – адзначае Танюша.  

Чытайце таксама: «Гаўняшачка сцякае ў рэчку». У раку пад Навагрудкам трапілі сцёкавыя воды і забілі рыбу