На месцы бара «Несцерка» ў будынку драмтэатра на Маставой, 35 у Гродне адкрылася чарачная «Онегин». Месца пуставала амаль пяць гадоў.
Установа працуе ў тэставым рэжыме з кастрычніка. У «Онегине» падаюць кактэйлі і настойкі. Фірмовы напой бара — кактэйль «Белы Анегін». Уладальнікі адзначаюць, што гэта «ўвасабленне элегантнасці і густу».
Падаюць і закускі. Барадзінскі хлеб з салам, грудзі і грэнкі з паштэтам качкі.
Канцэпцыя чарачнай будуецца вакол рускай літаратуры. Таму гасцям абяцаюць «атмасферу утульнасці і рускай класікі».
Установа працуе з 17:00 да 02:00 з панядзелка па чацвер, а таксама ў нядзелю. У пятніцу і суботу — з 17:00 да 03:00.


Месца «Несцеркі» пуставала пяць гадоў
У студзені 2016 на Маставой, 35 адкрыўся бар «Несцерка». Установа стала цэнтрам альтэрнатыўнай культуры. А самі ўладальнікі падтрымлівалі прынцып кааператыва. «За нашымі спінамі няма ніякіх бізнесменаў або фондаў, і ўсё, што рабілася і робіцца ў сценах нашага бара — гэта выключна вынік працы калектыву і сродкі, заробленыя нашай працай», — пісалі ўладальнікі.
У «Несцерцы» было веганскае меню — падавалі фалафель і соевыя бургеры. У бары рэгулярна выступалі панк-гурты, прыязджалі дыджэі з Мінска і Еўропы. Часам праводзілі тэматычныя мерапрыемствы: розыгрышы на бясплатныя татуіроўкі, free-маркеты (бясплатны абмен рэчамі), кінапаказы і паэтычныя вечары. Месца было ЛГБТ-фрэндлі.
У 2020 годзе супрацоўнікі бара падтрымалі акцыі пратэсту. У кастрычніку — усеагульную забастоўку. Тады ў «Несцерку» сталі прыходзіць праверкі: санстанцыя, пажарная інспекцыя і аддзел гандлю. Бару выставілі штраф у памеры 6210 руб., а кіраўніцтва драмтэатра датэрмінова скасавала дагавор арэнды.
У снежні 2020 года «Несцерка» закрылася. З 2020 па ліпень 2025 года памяшканне на Маставой, 35 пуставала.
Чытайце таксама: Уладальнік гродзенскай этнакрамы распавёў, чаму не з’язджае з Беларусі



