На месцы бара «Несцерка» ў будынку драмтэатра на Маставой, 35 у Гродне адкрылася чарачная «Онегин». Месца пуставала амаль пяць гадоў.

Установа працуе ў тэставым рэжыме з кастрычніка. У «Онегине» падаюць кактэйлі і настойкі. Фірмовы напой бара – кактэйль «Белы Анегін». Уладальнікі адзначаюць, што гэта “ўвасабленне элегантнасці і густу”.

Падаюць і закускі. Барадзінскі хлеб з салам, грудзі і грэнкі з паштэтам качкі.

Канцэпцыя чарачнай будуецца вакол рускай літаратуры. Таму гасцям абяцаюць “атмасферу утульнасці і рускай класікі”.

Установа працуе з 17:00 да 02:00 з панядзелка па чацвер, а таксама ў нядзелю. У пятніцу і суботу – з 17:00 да 03:00.

Месца “Несцеркі” пуставала пяць гадоў

У студзені 2016 на Маставой, 35 адкрыўся бар «Несцерка». Установа стала цэнтрам альтэрнатыўнай культуры. А самі ўладальнікі падтрымлівалі прынцып кааператыва. “За нашымі спінамі няма ніякіх бізнесменаў або фондаў, і ўсё, што рабілася і робіцца ў сценах нашага бара – гэта выключна вынік працы калектыву і сродкі, заробленыя нашай працай”, — пісалі ўладальнікі. 

У «Несцерцы» было веганскае меню — падавалі фалафель і соевыя бургеры. У бары рэгулярна выступалі панк-гурты, прыязджалі дыджэі з Мінска і Еўропы. Часам праводзілі тэматычныя мерапрыемствы: розыгрышы на бясплатныя татуіроўкі, free-маркеты (бясплатны абмен рэчамі), кінапаказы і паэтычныя вечары. Месца было ЛГБТ-фрэндлі.

У 2020 годзе супрацоўнікі бара падтрымалі акцыі пратэсту. У кастрычніку – усеагульную забастоўку. Тады ў “Несцерку” сталі прыходзіць праверкі: санстанцыя, пажарная інспекцыя і аддзел гандлю. Бару выставілі штраф у памеры 6210 руб., а кіраўніцтва драмтэатра датэрмінова скасавала дагавор арэнды.

У снежні 2020 года “Несцерка” закрылася. З 2020 па ліпень 2025 года памяшканне на Маставой, 35 пуставала.

Чытайце таксама: Уладальнік гродзенскай этнакрамы распавёў, чаму не з’язджае з Беларусі