Гродзенскія экскурсаводы 22 ліпеня сустрэліся з мясцовымі ўладамі. Сустрэча прайшла ў турыстычным інфармацыйным цэнтры ў фармаце «канструктыўнага дыялогу». Гіды прапанавалі чыноўнікам развіць інфраструктуру горада для турыстаў: зрабіць больш парковак і грамадскіх прыбіральняў.

«Сапраўды, неабходна стварэнне інфраструктуры для нашых турыстаў. Прыязджаюць сёння вялікія патокі турыстаў - аўтобусы мінімум 50−60 чалавек», — адзначыў дырэктар бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік» Аляксандр Старыцын.

У Гродне трэба «забяспечыць сацыяльныя выгоды» для турыстаў, лічыць ён. Пад імі экскурсавод меў на ўвазе, у прыватнасці, паркоўкі і грамадскія прыбіральні. Гід таксама звярнуў увагу на рэжым працы музеяў. Як менавіта яго варта было б змяніць, Старыцын не ўдакладніў.

Экскурсаводы таксама прапанавалі павялічыць колькасць сметнікаў, арт-аб'ектаў і ўладкаваць гарадскія вуліцы пад турыстычныя маршруты. Напрыклад, Калючынскую, напісалі ў Telegram-канале «Гродзенскага гарвыканкама».

Некаторыя праблемы, агучаныя гідамі падчас сустрэчы, мясцовыя ўлады не могуць вырашыць гадамі.

Пра недахоп туалетаў кажуць і мясцовыя

Гараджане скардзяцца на недахоп прыбіральняў у цэнтры Гродна. У чэрвені 2025 у ЦУМе прыбіральні перанеслі на пяты паверх. Гродзенцы адзначалі, што нават мясцовым адшукаць кабінкі няпроста, турысты тым больш не зарыентуюцца, куды ісці.

Музеі не спраўляюцца з наплывам турыстаў

Яшчэ ў 2022 у Старым замку не хапала экскурсаводаў — музей не спраўляўся з наплывам турыстаў і абмежаваў продаж білетаў у выхадныя дні. Праз тры гады інфармацыя на сайце музея тая ж: турыстаў просяць планаваць наведванне замка ў буднія.

Атэстацыя і забарона на дзейнасць: як абмяжоўваюць працу гідаў

Зрабілі больш жорсткімі правілы працы і для саміх гідаў. Каб працаваць экскурсаводам, неабходна прайсці спецыяльную атэстацыю. Гіды, якіх раней судзілі па «палітычных» артыкулах, вярнуцца ў прафесію не змогуць —гэта замацавана зменамі ў пастанове 2022 года аб экскурсійным абслугоўванні.

У Гродне працуе 81 атэставаны экскурсавод і 11 гідаў-перакладчыкаў.

Чытайце таксама: «Ездзяць, але не афішуюць». Што адбываецца з турызмам у Гродзенскай вобласці?