Курортныя гарады Расіі, Грузія і Тайланд — такія краіны для адпачынку выбіраюць гродзенскія чыноўнікі. А некаторыя аддаюць перавагу водпуску ў коле сям'і. Апытанне сярод супрацоўнікаў Гродзенскага райвыканкама правяла газета «Перспектыва».

Гарады на ўзбярэжжы Чорнага мора і Піцер

Марыць адпачыць у Расіі - Анапе або наваколлях Сочы, намесніца начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання Алена Сасноўская. Чыноўніца прызнаецца, што «ў Геленджыку таксама можна». Нядаўнія паездкі Сасноўскай былі па вобласці - наведала Лідскі замак і Аўгустоўскі канал.

Даведацца, як прайшоў адпачынак Сасноўскай, няпроста. У сваім Instagram жанчына апублікавала толькі адно фота.

Малодшы сяржант Раман Карпейчык хацеў адпачыць у Грузіі, але планы змяніліся. «Дома было не горш», — адзначае сілавік. Карпейчык дадае, што з мінулых паездак засталіся «прыемныя эмоцыі» ад Геленджыка і Санкт-Пецярбурга.

Аляксандр Жэгала — галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму, пабываў у 15 краінах. На гэты раз адпраўляецца ў Грузію — адпачываць ад працы і святкаваць мядовы месяц. Бываў Жэгала і ў Піцеры — у 2019 годзе публікаваў на сваёй старонцы «ВКонтакте» здымкі адтуль.

Усходняя Еўропа і Егіпет

Галоўная спецыялістка аддзела культуры Аксана Гваздзялюк правяла канікулы ў Тайландзе. Жанчына адзначае, што ў водпуск ёй «абавязкова трэба кудысьці з’язджаць». Гваздзялюк наведала Іспанію, Турцыю, Егіпет, Харватыю, Чарнагорыю — і марыць яшчэ раз вярнуцца ў Рым.

Дом у вёсцы

У кіраўніцы службы «Адно акно» Наталлі Камісаравай «няма душэўнай патрэбы кудысьці з’язджаць». Жанчына жыве ў вёсцы — і атрымлівае асалоду ад «прыгажосці і цішыні» сельскай мясцовасці. Больш за ўсё Камісарава любіць жнівень — чакае яго «з зачараваннем».

Чытайце таксама:«Думала, 300 будзе». Беларуска распавяла, колькі выдаткавала за 3 дні адпачынку ў Гродне