Гродзенец Алег Пятроў працуе зоапсіхолагам. Ён расказвае гаспадарам, як правільна паводзіць сябе з сабакамі, каб яны не былі агрэсіўнымі і адчувалі менш стрэсу. Парадамі Алег дзеліцца і ў TikTok.
Алег кансультуе гаспадароў асабіста – ходзіць разам з гродзенцамі на прагулкі і аналізуе, якія памылкі здзяйсняюць людзі пры ўзаемадзеянні з сабакам. А таксама праводзіць анлайн-сесіі і кансультуе рускамоўных кліентаў па ўсім свеце.
Алег адзначае, што ён не дрэсіруе сабак, а вучыць людзей, як правільна паводзіць сябе з жывёламі.


Парада №1: заняць пазіцыю лідара
Гродзенка звярнулася да зоапсіхолага, таму што шчанюк нямецкай аўчаркі брахаў, як толькі яго выводзілі на вуліцу. Сабака быў агрэсіўным да іншых жывёл і людзей, цягнуў ланцужок.
Алег патлумачыў, што такія паводзіны сабакі справакаваны хаосам на вуліцы і стратай гаспадара з-пад увагі. «Вы сваёй нервовасцю самі даяце яму сігнал. Гэта зграйная жывёла – у зграі заўсёды ёсць ярка выяўлены лідар. Як толькі з’яўляецца спакойны, ураўнаважаны чалавек, які не нервуецца – сабака маментальна супакойваецца», – адзначае Алег.
Парада №2: сабака адчувае стан гаспадара
Сям’ю з Гродна турбавала, што іх сабака – амерыканскі тэр’ер, брахаў, калі ў кватэру прыходзілі госці. «Пастаўце перад сабакам умову: чалавек прыходзіць да чалавека. Як толькі вы з’яўляецеся, сабака адразу ж разумее, што галоўны – вы», – тлумачыць зоапсіхолаг. Пасля сабака можа абнюхаць госця. Так жывёла разумее, што незнаёмец бяспечны.
Таксама Алег параіў сям’і часцей запрашаць гасцей, каб тэр’ер прывыкаў да новых людзей.
Парада №3: пераключыць увагу
Цвергшнаўцэр Луна брахаў на мінакоў. Алег параіў гаспадыні ў такія моманты пераключаць увагу жывёлы. Напрыклад, пагладзіць ці даць пачастунак. «Як толькі сабака глядзіць на іншую жывёлу — дайце сігнал, што вы тут, побач. У сабак той, хто ідзе першым, і прымае рашэнне».
Парада №4: устанавіць межы
Кліенты з Расіі звярнуліся да Алега па анлайн-кансультацыю. Прычына – сабака брэша на гаспадароў. Зоапсіхолаг тлумачыць, што прычына – у невыбудаваных межах. “Сабаку ўсё дазволена – гэта галоўная прычына такіх (агрэсіўных – Hrodna.life) паводзін. Калі вы не ствараеце межаў, правілаў і забарон для сабакі, яна стварае іх для вас”, – кажа Алег.
Парада №5: навесці парадак дома – тады і на вуліцы праблем не ўзнікне
Каб гадаванец не зрываўся з павадка, ён павінен разумець, што ісці побач з гаспадаром – выгадна. Таму сабаку трэба ўзнагароджваць – за спакойныя паводзіны даваць пачастунак.
Па словах Алега, паводзіны сабакі на вуліцы – наступства таго, як гаспадары паводзяцца дома. Таму ў першую чаргу трэба наладжваць кантакт з жывёлай. У такім выпадку раздражняльнікі на вуліцы адыдуць на другі план – сабака будзе арыентавацца толькі на гаспадара.
Чытайце таксама: З асобнымі кабінетамі і службовым аўтамабілем. Як жывуць і працуюць сабакі Гродзенскай мытні


