Следчы камітэт Беларусі завяршыў расследаванне ў дачыненні да ўдзельнікаў секты “Руская праваслаўная царква – Царская Імперыя”. Іх абвінавацілі па трох крымінальных артыкулах. Кіраўнік беларускай ячэйкі пакінуў краіну – яго аб’явілі ў вышук.
Пяцярых кіраўнікоў рэлігійнага руху “Руская праваслаўная царква – Царская імперыя” абвінавацілі па трох артыкулах КК.
- ст. 361-1 ч. 1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем);
- ст. 193 ч.2 (арганізацыя і кіраўніцтва рэлігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзян);
- ст. 130 ч. 3 (распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці).
Затрыманнямі ў розных рэгіёнах краіны займаўся ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы спецназа і АМАП. Кіраўнікоў затрымалі ў жніўні 2024 года. МУС прызнаў рух экстрэмісцкім фарміраваннем. Расследаванне скончылася ў ліпені 2025 – матэрыялы справы перадалі ў Генпракуратуру.
У Беларусі ў руху было 50 адэптаў, у іншых краінах – больш за 600
Рух “Царскай імперыі” ёсць у Расіі, Украіне і Малдове. У Беларусі адэпты працавалі ў Гродзенскай і Віцебскай абласцях – “абрады” праводзілі ў закінутых дамах у глухіх вёсках.
Удзельнікі прапаведавалі стварэнне незалежнай дзяржавы “Трыадзіная Русь”. Па версіі СК, яны заваблівалі паслядоўнікаў у глуш, у напаўразбураныя хаты закінутых вёсак, дзе людзі зракаліся дакументаў, сацыяльных выгод і меддапамогі, абрывалі сувязі з навакольным светам. З траўня 2023 года ўдзельнікі руху стваралі ў інтэрнэце старонкі, каб прыцягваць новых адэптаў. Членаў секты заклікалі прысягаць імператару і адмаўляць дзейны дзяржаўны лад і законы.
Па дадзеных СК, у Беларусі рэлігійным рухам кіраваў “мітрапаліт”. Ён даваў указанні на падрыхтоўку агітацыйных матэрыялаў і напісанні “малітваў”. “Мітрапаліт” пакінуў Беларусь і аб’яўлены ў вышук.
У “Рускай праваслаўнай царквы – Царскай імперыі” было 50 беларускіх адэптаў. Астатнія 650 удзельнікаў – пераважна расіяне і ўкраінцы.
Чытайце таксама: У Беларусі затрымалі адэптаў руху «Царская імперыя» з Расіі. Але гродзенскі протаіерэй усё роўна абвінаваціў Украіну



