У яры непадалёк ад праспекта Янкі Купалы ў Гродне з’явіўся склад смецця. Яго кадры ў TikTok апублікаваў гродзенец Аляксандр.

Яр знаходзіцца каля праспекта Янкі Купалы, побач з гімназіяй №1 імя акадэміка Карскага. На відэа Аляксандр паказаў, што выкідваюць гараджане: бутэлькі, пакеты і пакаванні ад прадуктаў. Непадалёк ад стыхійнай звалкі ўстаноўлены кантэйнеры для смецця.

Пад відэа гараджанін пакінуў тэгі “Караеў”, “Лукашэнка” і “пул4” (Telegram-канал “Пул4 Рэгіён”, які вядуць улады – Hrodna.life). Улады пакуль не адрэагавалі на відэа.

У каментарах адны гараджане мяркуюць, што смецце наносіцца ветрам з кантэйнераў. Іншыя лічаць, што гэта робяць падлеткі.

“Месца цудоўнае. Крыўдна, што ёсць такія нелюдзі, якія нічога не шануюць і плююць на ўсё”, – піша Valentina2548.

“Цяпер такое пакаленне. Ёсць старыя з маразмам, а ёсць падлеткі, якія гадзяць усюды. У нас асобна лесвіца ў пад’ездзе, дык там увесь час, у прамым сэнсе, насрана”, – адзначае smileblr.  

“Гэта з сметніц ветрам заносіць пад хмызняк. У нас таксама”, – лічыць user5393.

“Тэрыторыя камусьці належыць! Зямлі, якая нікому не належыць, у горадзе няма. Усё падзелена на ўчасткі і замацавана за пэўнымі ЖЭСамі і арганізацыямі. Вылічыць, чыя незаконная звалка, хто павінен сачыць за парадкам і ў “плечы” на гарачы тэлефон аблвыканкама”, – раіць 113walter113

Як змагацца са стыхійнымі звалкамі ў горадзе?

Інфаслужба «Зеленый телефон» распрацавала інструкцыю, як змагацца са стыхійнымі звалкамі. Першы крок – зрабіць фота засмечанага месца і пазначыць дакладныя каардынаты і дату.

Далей – скласці пісьмовы зварот са спасылкай на палажэнне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага асяроддзя”. У звароце абавязкова прымацаваць фота звалкі.

Адсылаць зварот можна:

  • уласніку тэрыторыі. Па законе, уласнік абавязаны сабраць адходы – у адваротным выпадку яму пагражае адміністратыўны артыкул;
  • у мясцовы выканкам;
  • у раённую інспекцыю Мінпрыроды.

«Нашая галоўная парада — не здавацца і быць настойлівымі ў камунікацыі з уладамі і мясцовымі жыхарамі. Будзьце ініцыятыўнымі, не бойцеся і не саромейцеся кантраляваць, ці своечасова мясцовыя ўлады выконваюць свае абавязкі», — дадаюць актывісты «Зялёнага тэлефона».

Чытайце таксама: «Азот» і сметнікі – вось што вабіць чаек у Гродна. Ці шкодзяць гораду птушкі?