Жыхарка Гродзенскай вобласці Жанна паўтара года не можа ўладкавацца на працу. Беларуска мяркуе, што прычына — у негатыўнай характарыстыцы, якую склалі на мінулай працы. Пад апекай Жанны — сямігадовае дзіця, якое перанесла аперацыю па ўстаноўцы слыхавога імпланта. Беларуска запісала зварот да Лукашэнкі.
Жанна працавала дзяржслужачай, у яе ёсць вышэйшая юрыдычная адукацыя. У лютым 2024 года беларуска звольнілася, як яна сцвярджае, з-за прадузятых адносін старшыні райвыканкама. Агучваць прычыну Жанна не хоча.
З таго моманту жанчына пачала шукаць працу. Але ўладкавацца не атрымлівалася — беларуска лічыць, што справа ў «неаб'ектыўнай» характарыстыцы. У студзені 2025 года Жанна звярнулася да кіраўніка Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай — характарыстыку перапісалі.
Але працу знайсці так і не ўдалося — беларусцы адмаўляюць у працаўладкаванні па накіраванню службы занятасці. Жанна мяркуе, што за гэтым стаіць яе былы начальнік. «Нехта працягвае кіраваць маім жыццём. Ён жа як бы працуе — што яму да мяне і майго дзіцяці. Праўда, Дзмітрый Іванавіч?» — каментуе сітуацыю Жанна.
Беларуска дадае, што пад яе апекай знаходзіцца сямігадовае дзіця з парушэннямі маўленчага і слыхавога апаратаў. У 2021 годзе дзяўчынка перанесла аперацыю па ўстаноўцы слыхавога імпланта. Жанна лечыць і выхоўвае дзіця ў адзіночку.
Беларуска спадзяецца, што яе зварот убачыць Лукашэнка ці людзі, гатовыя яе працаўладкаваць. «Мой прыклад не адзіны, колькі іх падобных. Мне вельмі патрэбна праца, мне трэба жыць і лячыць хворае дзіця. Я спадзяюся, што ў хуткім часе ў мяне будзе праца», — рэзюміруе Жанна.
Чытайце таксама: У Гродне не хапае нават прыбіральшчыкаў - адкрыты 400 працоўных месцаў