Маці Алеся Дзянісава, лідара гурта Dzieciuki, выклікаюць у Следчы камітэт на размовы. Таксама сілавікі прыйшлі да яе напярэдадні  выступлення Дзянісава ў Варшаве на Дзень Волі. Аб пагрозах, якія паступаюць сям’і, гродзенец распавёў у інтэрв’ю «Свабодзе». 

МУС Беларусі 13 ліпеня прызнаў гурт Dzieciuki экстрэмісцкім фарміраваннем. Журналісты “Свабоды” пацікавіліся ў музыканта, як статус уплывае на жыццё. На думку Дзянісава, гэта створыць дадатковыя праблемы для блізкіх музыкантаў, якія засталіся ў Беларусі. 

“Гэта хутчэй чарговыя праблемы для нашых родных і блізкіх. Вось і ўсё», — кажа музыка. 

Сярод сваякоў Дзянісава, якія засталіся ў Гродне – маці і бабуля. Маці выклікалі ў Следчы камітэт на размову. З-за дрэннага стану здароўя жанчыне складана хадзіць, таму 15 ліпеня сілавікі асабіста прыйшлі ў кватэру. Гродзенец дадае, што да яго маці «ламіліся ў дзверы не адзін раз». 

Узгадвае Дзянісаў і іншыя эпізоды ціску на сям’ю. Напярададні сёлятняга канцэрту ў гонар Дня Волі да маці Дзянісава зноў прыйшлі. «Сказалі, што ў мяне будуць вялікія праблемы, калі я там выступлю. Зразумела, што праблемы былі б не ў мяне, а ў яе. Такім чынам мне гэтую інфармацыю перадавалі. Я тады ўпершыню даў слабіну. Спалохаўся за сваю маці, адмовіўся ўдзельнічаць», — узгадвае музыка. 

У ліпені 2021 “Белсат” прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем – Дзянісаў з ім супрацоўнічаў. У красавіку 2025 прызналі экстрэмісцкімі сацсеткі і назву гурта Dzieciuki, а таксама асабістыя старонкі Дзянісава ў Facebook і «ВКонтакте». 13 ліпеня МУС Беларусі прызнаў гурт экстрэмісцкім фарміраваннем. 

Чытайце таксама: Алесь Дзянісаў: «Мы мусім быць цікавымі не толькі беларусам, каб не ператварыцца ў беларускае гета»