Гродзенец Андрэй Леута жыве ў Амерыцы. Па словах мужчыны, з-за святкавання Дня Перамогі і беларускага Дня Незалежнасці ў эміграцыі ён страціў працу. Інтэрв'ю з гродзенцам апублікавала газета «СБ. Беларусь Сегодня».
Леута жыве ў Нью-Ёрку. Разам з прадстаўнікамі беларускай, расійскай і ўкраінскай дыяспар гродзенец віншаваў ветэранаў з Днём Перамогі. Па словах Леута, гэта стала прычынай звальнення. «У Злучаных Штатах Амерыкі, у калысцы дэмакратыі. Я стаў тут, атрымліваецца, ахвярай. Мяне звольнілі з працы, таварыш адзін з суседняй з Беларуссю краіны. Не спадабалася, што адзначалі Дзень Перамогі і віншавалі ветэранаў», — пракаментаваў звальненне Леута.
Таксама Леута 3 ліпеня адзначыў Дзень Незалежнасці - у чырвона-зялёнай майцы з георгіеўскай стужкай. Падчас свята быў пікнік — побач расцягнулі банэр у колер беларускага чырвона-зялёнага сцяга, былі і паветраныя шары ў тон.

На думку Леуты, беларусы, якія ўдзельнічаюць у акцыях з бел-чырвона-белымі сцягамі, «падсаджваюць на гэты кручок» і іншых. Здымаюць удзельнікаў на відэа і пужаюць тым, што пры вяртанні ў Беларусь іх чакае турма.
Леута лічыць, што беларусы, украінцы і расіяне — адзіны народ. Мужчына падтрымлівае ідэю Саюзнай дзяржавы. «Так, мы патрыёты Беларусі. Так, мы топім за Саюзную дзяржаву. І гэта нашая пазіцыя, нашае меркаванне, якім мы нікому не шкодзім». Гродзенец прапануе «скончыць з вайной і вярнуцца ў славянскую сям’ю».
Хто такі Андрэй Леута?
Мужчына родам з Гродна. У 2017 ён быў старшынёй клуба «Сіла прыроды». У апытанні «Вячэрняга Гродна» Леута распавядаў, як правільна гартавацца. Таксама даваў інтэрв'ю «Тэлерадыёкампаніі Гродна». Тэма была той жа — маржаванне.
Апошняе інтэрв'ю з праўладнай журналісткай Людмілай Гладкай здарылася пасля таго, як Леута апублікаваў відэа. У ім гродзенец расказваў аб святкаванні беларускага Дня Незалежнасці ў Амерыцы.
У Леута ёсць акаўнт у YouTube, які не абнаўляўся 11 гадоў. У апісанні гродзенец адзначыў: спорт, глабальную палітыку, Рускую цывілізацыю і «эру Вадалея ў ладу з Богам».
Чытайце таксама: «Рускага паэта» з Ліды ўзялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Рашэнне прымалі тры гады