У сацсетках гродзенцы публікуюць фота і відэа пажухлага лісця. У сярэдзіне лета такая карціна здзівіла гараджан. Hrodna.life разабраўся, чаму дрэвы скідаюць лісце ў ліпені.

«Заўважылі, што ў Гродне пажаўцелі вербы і бярозы – і сёння пачаўся лістапад. Што за апакаліпсіс?» — пацікавілася ў Threads Вікторыя. 

У каментарах гродзенцы апублікавалі фота апалага лісця і адзначылі, што «запахла восенню».

Відэа з летнім лістападам з’явілася і ў TikTok – яго апублікавала гродзенка Ірына. Дарога адной з гарадскіх вуліц абсыпана пажоўклым бярозавым лісцем.

«У нас на Дзевятоўцы верхавіны бяроз жоўтыя і рабіна чырванее. Калі рабіна чырванее, канец лета», — піша Галина

«Сёння ехала на працу, злёгку ашалела. У бярозы ўсё лісце жоўтае. Восень ці што?» – цікавіцца наташка.

«На праспекце будаўнікоў ліпы ўсе жоўтыя. І лістапад. І бярозы таксама жоўтыя. Чаму – незразумела», – адзначае Ирна

Чаму ў сярэдзіне лета ападае лісце?

Біёлагі тлумачаць, што сухое і спякотнае лета паскарае разбурэнне хларафіла, які адказвае за зялёны колер. Расліны спрабуюць захаваць вільгаць – і зачыняюць поры. З-за гэтага запавольваецца працэс фотасінтэзу, а хларафіл – пігмент, які і робіць лісце зялёным, разбураецца. У той жа час актыўна выпрацоўваецца жоўты пігмент ксантафіл, больш устойлівы да высокіх тэмператур. Лісце жоўкне.

У пачатку ліпеня тэмпература ў Гродне і вобласці дасягала +35 градусаў. З-за спякоты аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі.

Чытайце таксама: Кажуць: «дрэвы», а саджаюць «пруткі». Чаму Гродна дагэтуль не патанае ў парках, і навошта нам схема азелянення