У сацсетках гродзенцы публікуюць фота і відэа пажухлага лісця. У сярэдзіне лета такая карціна здзівіла гараджан. Hrodna.life разабраўся, чаму дрэвы скідаюць лісце ў ліпені.
«Заўважылі, што ў Гродне пажаўцелі вербы і бярозы — і сёння пачаўся лістапад. Што за апакаліпсіс?» — пацікавілася ў Threads Вікторыя.
У каментарах гродзенцы апублікавалі фота апалага лісця і адзначылі, што «запахла восенню».


Відэа з летнім лістападам з’явілася і ў TikTok — яго апублікавала гродзенка Ірына. Дарога адной з гарадскіх вуліц абсыпана пажоўклым бярозавым лісцем.
«У нас на Дзевятоўцы верхавіны бяроз жоўтыя і рабіна чырванее. Калі рабіна чырванее, канец лета», — піша Галина.
«Сёння ехала на працу, злёгку ашалела. У бярозы ўсё лісце жоўтае. Восень ці што?» — цікавіцца наташка.
«На праспекце будаўнікоў ліпы ўсе жоўтыя. І лістапад. І бярозы таксама жоўтыя. Чаму — незразумела», — адзначае Ирна.
Чаму ў сярэдзіне лета ападае лісце?
Біёлагі тлумачаць, што сухое і спякотнае лета паскарае разбурэнне хларафіла, які адказвае за зялёны колер. Расліны спрабуюць захаваць вільгаць — і зачыняюць поры. З-за гэтага запавольваецца працэс фотасінтэзу, а хларафіл — пігмент, які і робіць лісце зялёным, разбураецца. У той жа час актыўна выпрацоўваецца жоўты пігмент ксантафіл, больш устойлівы да высокіх тэмператур. Лісце жоўкне.
У пачатку ліпеня тэмпература ў Гродне і вобласці дасягала +35 градусаў. З-за спякоты аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Чытайце таксама: Кажуць: «дрэвы», а саджаюць «пруткі». Чаму Гродна дагэтуль не патанае ў парках, і навошта нам схема азелянення