В Гродне (і вобласці) назіраецца недахоп кіроўцаў. У абласным цэнтры адкрыта 121 вакансія — гэта 243 працоўныя месцы. Агулам у вобласці не хапае больш за тысячу кіроўцаў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела на сайце Дзяржаўнай службы занятасці, якія цяпер патрабаванні да кіроўцаў (ёсць і дзіўныя), а таксама якія заробкі ім прапануюць.

На Гродзеншчыне шукаюць вадзіцеляў легкавых аўтамабіляў, вадзіцеляў аўтобусаў, а таксама ёсць шмат вакансій для вадзіцеляў-міжнароднікаў і вадзіцеляў грузавікоў на гарадскія і ўнутрырэспубліканскія рэйсы.

Усяго на партале службы занятасці цяпер размешчана каля 6 тысяч вакансій на 10 448 працоўных месцаў па ўсёй Беларусі. У Гродзенскай вобласці цяпер адкрыта 637 вакансій вадзіцеляў на 1090 працоўных месцаў. Розніца ў лічбах тлумачыцца тым, што адна вакансія можа ўключаць адразу некалькі пазіцый — напрыклад, калі прадпрыемства шукае 10 чалавек, гэта лічыцца адной вакансіяй, але дзесяццю працоўнымі месцамі.

Фура на пустой мяжы чакае, калі адкрыецца мяжа з Польшчай
Фота ілюстрацыйнае: iStock

Вадзіцеляў грузавікоў прыцягваюць інтэрнатамі, але просяць без «дыскрэдытуючых падстаў»

Максімальныя заробкі, вядома, прапануюць вадзіцелям грузавікоў.

Напрыклад, філіял «ГАП-1 г. Гродна» ААТ «Гроднааблаўтатранс» шукае чатырох вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў. Заробак — 5 тысяч рублёў. Прадастаўляюць пакой у інтэрнаце. Ад кандыдата патрабуецца агульная сярэдняя адукацыя і досвед працы на аналагічнай пасадзе не менш за два гады.

ТАА «Белсансіст» таксама запрашае на працу вадзіцеля грузавіка. Заробак ад 3000 рублёў. Аднак патрабаванняў да кандыдата тут больш. Неабходна прафесійна-тэхнічная адукацыя, досвед працы ад аднаго года, вольнае валоданне рускай мовай, веданне прылады грузавога аўтамабіля ГАЗ 3309, слесарныя навыкі, адказнасць і выканальнасць.

На «Молочном мире» не хапае пяці вадзіцеляў грузавікоў. Заробак на прадпрыемстве прапануецца ад 2800 да 3300 рублёў. Асноўная задача — развоз гатовай прадукцыі. Патрабаванні да кандыдатаў — агульная сярэдняя адукацыя, досвед працы не менш за два гады на грузавых аўтамабілях і адсутнасць звальненняў па дысцыплінарных або іншых дыскрэдытуючых падставах.

Даволі шмат аб’яваў у «высокім» заробкавым сегменце пра пошук дальнабойшчыкаў, якія будуць ездзіць па маршруце Беларусь-Расія.

Напрыклад, прыватнае прадпрыемства «СаНіТрансАўта» шукае вадзіцеля грузавога аўтамабіля для выканання міжнародных перавозак паміж Беларуссю і Расіяй. Заробак — ад 3000 да 6000 рублёў.

У Гродзенскай вобласці нестае больш як тысячы вадзіцеляў. Каго шукаюць і пры чым тут “дыскрэдытуючыя падставы”?
Фота: pexels.com

Максімальна па вобласці: вадзіцелям грузавікоў — да 3,5 тысяч рублёў, вадзіцелям аўтобусаў — крыху менш

Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Гнезно» Ваўкавыскага раёна шукае адразу пяць вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў. Заробак — ад 3000 да 3500 рублёў. Ад трох да чатырох тысяч рублёў на стаўку прапануе Скідзельскі лясгас вадзіцелю грузавога аўтамабіля. Неабходна мець прафесійна-тэхнічную адукацыю і не менш за пяць гадоў досведу працы.

Шукае пяць кіроўцаў і філіял «Гроднааблаўтатранс» у Лідзе — «Аўтобусны парк» № 2. Прапанаваная зарплата — ад 2600 да 2800 рублёў пры поўнай стаўцы. Ад кандыдатаў патрабуецца агульная сярэдняя адукацыя, а таксама асобна адзначана — «веданне рускай мовы на задавальняльным узроўні».

Крыху менш — ад 2500 да 3000 рублёў пры поўнай стаўцы — абяцаюць у ДРСУ-161 у аграгарадку Тапілішкі Шчучынскага раёна. Аднак для прэтэндэнтаў патрабуецца прафесійна-тэхнічная адукацыя і як мінімум адзін год досведу працы.

У Гродзенскай вобласці нестае больш як тысячы вадзіцеляў. Каго шукаюць і пры чым тут “дыскрэдытуючыя падставы”?
Фота: pexels.com

Мінімальна па вобласці: 182 рублі за чвэрць стаўкі і ад 726 рублёў за поўны працоўны дзень

Адзін з самых нізкіх заробкаў — ад 182 да 250 рублёў за чвэрць стаўкі — прапануецца ААТ «Белкафе» ў Ашмянах. Тут шукаюць вадзіцеля легкавога аўтамабіля. Падобную зарплату прапануюць і ў Ашмянскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы — там патрэбны кіроўца аўтобуса на чвэрць стаўкі. Плаціць гатовыя 181,5 рубля. Крыху больш грошай для вадзіцеля аўтобуса абяцаюць у Воранаве — 210−290 рублёў (чвэрць стаўкі). Спецыяліст патрэбны ў падраздзяленне мясцовага райвыканкама.

Што тычыцца прапаноў на поўную стаўку, то зарплата тут пачынаецца ад 726 рублёў. Напрыклад, Слонімскі філіял «Белпошты» шукае вадзіцеля легкавога аўтамабіля з заробкам ад 726 да 1049,48 рубля. Столькі ж — 726 рублёў — гатовая прапанаваць Свіслацкая раённая ветэрынарная станцыя вадзіцелю легкавога аўтамабіля. Неабходны досвед працы не менш за пяць гадоў.

Зэльвенскае РУП ЖКГ шукае вадзіцеля аўтобуса. Аплата — ад 726 да 950 рублёў, пры гэтым асаблівых патрабаванняў да кандыдата не прад’яўляецца. У Ваўкавыску прадпрыемства крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС «Адзіннаццаць» прапануе вадзіцелю грузавіка зарплату ад 726 да 1500 рублёў.

У Гродзенскай вобласці нестае больш як тысячы вадзіцеляў. Каго шукаюць і пры чым тут “дыскрэдытуючыя падставы”?
Фота: infotrans.by

Мінімальна ў Гродне: таксісты і вадзіцелі грузавікоў з навыкамі рамонту тэхнікі

У Гродне адкрыта 121 вакансія на 243 працоўныя месцы. Патрэбныя і вадзіцелі легкавых аўтамабіляў, і грузавікоў, і аўтобусаў, і таксісты. На чвэрць стаўкі ў Гродне вадзіцеляў не шукаюць, затое ёсць аб’ява пра 0,3 стаўкі для вадзіцеля легкавушкі ад філіяла КУП «Гроднааблпаліво». Заробак — 218 рублёў. Патрэбны досвед.

Мінімальныя зарплаты на стаўку ў Гродне — ад 726 да 1200 рублёў. Гімназія № 1 шукае вадзіцеля легкавога аўтамабіля. Праца пастаянная, у адну змену, аплата — ад 730 да 1200 рублёў. Яшчэ адна вакансія вадзіцеля легкавога аўтамабіля размешчана Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Заробак — 726 рублёў, праца ў адну змену.

Вадзіцеля грузавога аўтамабіля шукае прадпрыемства «ЗОВ-промсістэмы». Праца — раз’язная, у адну змену, на поўную стаўку. Заробак — ад 730 да 740 рублёў. Да кандыдата прад’яўляюцца высокія патрабаванні: прафесійна-тэхнічная адукацыя і не менш за шэсць гадоў досведу. Неабходна мець асабісты аўтамабіль. Плюсамі будуць адаптыўнасць, шматзадачнасць, уменне працаваць у камандзе і выконваць рамонт тэхнікі.

Ёсць вакансіі і ў таксі. Так, індывідуальны прадпрымальнік Шмыгера В.В. шукае таксіста. Праца пастаянная, у дзве змены, заробак — ад 730 да 1000 рублёў. Кандыдату неабходна агульная сярэдняя адукацыя і вольнае валоданне рускай мовай.

У раздзел з мінімальнымі заробкамі «зацясалася» і аб’ява пра пошук вадзіцеля-міжнародніка. Разбежка ў зарплаце вялікая — ад 750 да 2200 рублёў. Ад чаго яна залежыць — не ўдакладняецца, аднак адзначана, што ёсць прэміі за выкананне планаў. Прадугледжаны выпрабавальны тэрмін — 1 месяц. Вадзіцеля шукае ТАА «Дзелавая Лагістыка». Працоўны аўтамабіль — Renault Master 2018 года. Асноўныя маршруты — па Беларусі, а таксама ў Расію (Масква, Санкт-Пецярбург). Ад кандыдата патрабуецца як мінімум два гады досведу, вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі B, міжнародная карта вадзіцеля, а таксама асабістыя якасці: выканальнасць, адказнасць і стрэсаўстойлівасць.

Таксі ў Гродне. Фота з архіву Hrodna.life
Таксі ў Гродне. Фота з архіву Hrodna.life

Праблема старая, варыянтаў вырашэння пакуль няма

Яшчэ 10 гадоў таму тагачасная начальніца ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама Лілія Санюкевіч распавядала выданню «Вечерний Гродно», што найбольш запатрабаванымі ў Гродне застаюцца вадзіцелі. З тых часоў сітуацыя толькі пагоршылася.
Некалькі гадоў таму беларускія кампаніі ў сферы грузаперавозак сутыкнуліся з вострым дэфіцытам вадзіцеляў і іншых ключавых спецыялістаў — лагістаў, грузчыкаў, экспедытараў і кладоўшчыкаў. Асабліва прыкметнае павелічэнне адтоку беларускіх вадзіцеляў на працу ў Польшчу і Літву — у 2023 годзе беларусы складалі каля 18% усіх вадзіцеляў у Польшчы.

Пры гэтым кадравы крызіс назіраецца не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, і ў Еўропе. Дырэктар прадстаўніцтва «Біржы грузаперавозак ATI.SU у Беларусі» Таццяна Салдаценка летась распавядала парталу tochka.by, што такі дэфіцыт кадраў вядзе да зніжэння рэнтабельнасці і сур’ёзных цяжкасцей для лагістыкі ў цэлым, і ў Беларусі ў прыватнасці.

У Гродзенскай вобласці нестае больш як тысячы вадзіцеляў. Каго шукаюць і пры чым тут “дыскрэдытуючыя падставы”?
Фота: pexels.com

На думку эксперткі, Беларусь шмат у чым пайшла па прыкладзе Польшчы і Літвы і часткова закрыла пытанні з недахопам кадраў з дапамогай працоўных мігрантаў. Тады ўступіла ў сілу пастанова Мінпрацы аб спрашчэнні працаўладкавання іншаземцаў, і было дазволена прыцягваць мігрантаў на працу вадзіцелямі. Пры гэтым Таццяна Салдаценка адзначала, што не варта чакаць вырашэння праблемы ў галіне толькі такім метадам, бо ў краіне дэфіцыт кадраў па ўсіх катэгорыях работнікаў галіны, а не толькі сярод вадзіцеляў.