Беларуска паскардзілася ў Threads, што ў гродзенскім кінатэатры “Кастрычнік” яе не пусцілі на сеанс. Дзяўчына была адзінай, хто купіла білет на фільм. Hrodna.life разабраўся, ці можа кінатэатр адмаўляць у паказе фільма, калі на яго прыйшоў адзін глядач.
«Хацела схадзіць у кіно. Мне адмовілі ў кінасеансе, бо я адна на ўсю залу. Кінатэатр “Кастрычнік” у Гродне – спонсар маіх незабыўных уражанняў», — напісала карыстальніца пад нікам verteyka.
У каментарах гродзенцы адзначылі, што патрапіць у “Кастрычнік”, будучы адзінымі гледачамі, ім усё-такі ўдавалася.
«Не ведаю як у іншых кінатэатрах, але ў “Кастрычніку” ўсе сеансы пачынаюцца менавіта ад двух чалавек, каб хоць нейкім чынам застацца ў плюсе», — напісаў andrew_bring.
«Літаральна месяц таму гэтак жа хадзіла ў «Кастрычнік» і была адна ў зале. Фільм паказалі, нікуды не выганялі», – распавяла setsru.
«Дзіўна, я аднойчы была адна ў віп-зале ў гэтым кінатэатры. Кайф», – падзялілася samka__bogomola_2025.
«Дзіўна ўвогуле гэта ўсё. Пару гадоў таму быў у такой самай сітуацыі ў “Кастрычніку” і мне дазволілі аднаму. Магчыма, гэта залежыць ад залы ў якой паказваюць кінчык, і ад людзей, якія на змене знаходзяцца», — мяркуе mav3r103.
Карыстальнікі таксама адзначаюць, што былі адзінымі гледачамі ў гродзенскіх кінатэатрах “Космас” і Moon. На сеанс іх пускалі.
Калі кінатэатр можа адмовіць у сеансе?
Правілы па аказанні паслуг кіназаламі рэгулююцца пастановай Савета Міністраў ад 2007 года. Згодна з дакументам, паказ фільма могуць адмяніць, калі на момант пачатку кінасеанса прысутнічае менш за пяць гледачоў.
На выбар гледача кінатэатр кампенсуе кошт білета або замяняе яго білетам на іншы сеанс.
Чытайце таксама: Кінатэатр «Кастрычнік» стане больш бяспечным на выпадак пажараў


