У адным з двароў мікрараёна Грандзічы жыхары ўстанавілі мангал. У сацсетках гродзенцы спрачаюцца, ці законная ўстаноўка мангала ў жылым двары шматкватэрнага дома. Hrodna.life даведаўся, у якіх выпадках дазволена абсталёўваць зону барбекю.

«Мне здаецца, жыхары дома ведаюць аб гэтым жыцці крыху больш. Дзеці на пляцоўцы гуляюць, шашлычок смажыцца», — каментуе ў TikTok ўстаноўку мангала гродзенка Наталля.

У Грандзічах жыхары ўстанавілі мангал у двары дома. Гродзенцы спрачаюцца, ці законна гэта
Мангал, усталяваны ў двары дома па адрасе Асфальтная, 50. Скрыншот Hrodna.life з TikTok-відэа @yakoltsevich_brows

Жыхары дома па адрасе Асфальтная, 50 арганізавалі зону барбекю ў двары шматкватэрнага дома. Па роліку відаць, што мангал усталяваны на спецыяльным бетонным пакрыцці. Крышка мангала зачыняецца на замок, каб староннія не змаглі ім скарыстацца.

У каментарах пад відэа гродзенкі карыстальнікі спрачаюцца, ці законная ўстаноўка мангала ў двары.

«Так можа гэта сям’я ўсталявала для сваіх патрэб з дазволу адміністрацыі», — мяркуе Алеся.

«Да першай скаргі суседзяў, і МНС выпісвае прадпісанне на знос», — выказваецца Елисей Акакиевич.

«На Альшанцы даўно б ужо з коранем вырвалі і прадалі», — лічыць Oks.

«Для бяспекі дзяцей трэба невялікую агароджу зрабіць, каб не змаглі дакрануцца да яго», — піша Artem Kallaur.

«Занадта шмат мангалаў у двары, куды іх столькі. А замок на пустым мангале — гэта наогул цудоўна, закрыта нават тое, дзе браць няма чаго», — адзначае Сергей Баннов.

Ці можна смажыць шашлык у двары?

Заканадаўства аб пажарнай бяспецы не забараняе рыхтаваць шашлык у дварах. Пры распальванні мангала важна выконваць шэраг умоў, адзначаюць у МНС. Сярод іншага:

  • месца, дзе ўсталяваны мангал, павінна быць ачышчана ад гаручых рэчываў і сухой расліннасці;
  • полымя і іскры не павінны трапляць на гаручыя элементы будынкаў і збудаванняў;
  • побач з мангалам абавязкова павінны стаяць вядро з вадой і вогнетушыцель;
  • для распальвання нельга выкарыстоўваць лёгкаўзгаральныя вадкасці, за выключэннем спецыяльна прызначаных для гэтага працэсу складаў.

У МНС дадаюць, што мясцовыя органы ўлады або таварыства ўласнікаў могуць забараніць устаноўку мангала на прыдамавой тэрыторыі.

Чытайце таксама: Гатуем на мангале: 5 простых і смачных рэцэптаў на вуглях