Вынаходнік тэлевізара Уладзімір Зварыкін служыў у Гродне падчас Першай сусветнай вайны. Менавіта тут будучы вынаходнік працаваў з тэхнікай і ўдзельнічаў у наладцы камунікацыйнага абсталявання для патрэб войска.
Зварыкін быў прызначаны ў 5-ы асобны запасны батальён войскаў сувязі Гродзенскай крэпасці, расказвае канал Hrodna History.
«Падраздзялення, у якое нас накіравалі, на месцы не аказалася, і ніводны камандзір не жадаў браць пад сваю адказнасць групу з трыццаці радыёспецыялістаў, якія былі яму непатрэбныя, і якіх, да таго ж, трэба было яшчэ і карміць… Калі, брудныя і абарваныя, мы панура ішлі па адной з гродзенскіх вуліц, нас спыніў афіцэр у пагонах палкоўніка інжынерных войск, загадаў пастроіцца і пачаў распякаць за неахайны знешні выгляд. […]
Убачыўшы на маім кіцелі значок інжынера, палкоўнік прыкметна стрымаў свой запал і пачаў цярпліва слухаць. Даведаўшыся, што мы прыбылі на Усходні фронт на замену загінулых радыёспецыялістаў пэўнай дывізіі (відаць, расфарміраванай пасля паразы), палкоўнік усклікнуў: «Ну, трэба ж! Мне вас сам Бог паслаў!». Высветлілася, што на сартыровачную станцыю ў Гродне прыбылі вагоны з абсталяваннем для ўсталявання радыёстанцыі, але не было спецыялістаў, здольных наладзіць яе працу", — успамінаў Зварыкін.
Далейшы лёс Зварыкіна склаўся за межамі Гродна. У 1915 годзе ён пакінуў наш горад, пасля вайны ён апынуўся ў Францыі, а затым пераехаў у ЗША. Менавіта там ён здзейсніў свае галоўныя вынаходніцтвы.