«Гэта нейтральная зямля. Для таго, што б я касіла ў 80 лет?», — пытаецца ў чыноўнікаў пажылая жыхарка аднаго з суседніх з полем дамоў у мікрараёне Дзевятоўка. Мясцовых жыхароў паспрабавалі абвінаваціць у наяўнасці макаў на полі за іх участкам. У працэсе аказалася, што за «частку зямлі» адказвае «Зелянбуд», але не ўсё так проста.
Поле з кветкамі мака знайшлі ў раёне вуліцы Малышчанскай. Жыхарам суседніх дамоў выдалі прадпісанні прыбраць участкі за пяць дзён, расказала Таццяна Утачкіна, начальніца ЖЭС № 19 Ленінскага раёна ў сюжэце на «Гродна Плюс». Жыхары абурыліся, бо поле не адносіцца да іх участкаў, а касіць «гарадскую» зямлю яны не хацелі. Крыху пазней чыноўнікі прызналі, што за частку гэтай зямлі сапраўды адказвае «Зеленбуд», і яго супрацоўнікі скасілі поле.


«На сённяшні дзень гэтым грамадзянам пашанцавала, — заявіла Утачкіна. — У наступны раз, калі яна (трава — прым. Hrodna.life) вырасце больш за 20 см па новых правілах добраўпарадкавання, адназначна грамадзяне павінны будуць касіць самі».
У сюжэце «Гродна Плюс» поле назвалі «алым морам макаў». На відэа ж відаць, што макі проста растуць сярод іншага пустазелля. У міліцыі паведамілі, што ўзважылі скошанае і атрымалі 120 кг «забароненай да вырошчвання расліны». Ці сартавалі перад гэтым макі ад іншага скошанага пустазелля з поля, не ўдакладняюць.


Новыя правілы добраўпарадкавання — усебаковая адказнасць
Паводле абноўленых правілах добраўпарадкавання тэрыторыі, якія набылі сілу з 18 траўня 2025 года, жыхары прыватных дамоў абавязаны скошваць траву не толькі на сваіх участках, але і на тэрыторыі ў 10 м вакол іх з кожнага боку. Трава не павінна быць вышэй за 20 см, нельга пакідаць і сухастоі.
Акрамя таго, будынкі, гаспадарчыя пабудовы і агароджы павінны быць пафарбаваны, адрамантаваны, а пашкоджаныя элементы і канструкцыі неабходна замяніць. Будматэрыялы трэба захоўваць толькі на тэрыторыі ўчастка і акуратна складзенымі. Дрэвы і хмызнякі больш за 3 м можна садзіць не менш чым за 3 м ад межаў сумежных зямельных участкаў, да 3 м — не менш, чым за 2 м, вышынёй да 2 м — не менш, чым за 1 м. У метровай зоне да мяжы ўчастка дазволена размяшчэнне газона і раслін вышынёй не больш за 1 метр.
За парушэнне норм пагражае штраф:
- да 25 базавых велічынь прыватным асобам;
- ад 10 да 50 базавых велічынь — індывідуальным прадпрымальнікам;
- ад 20 да 100 базавых велічынь — юрыдычным асобам.
Неадназначны мак
«Усе часткі гэтай расліны ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы ў розных прапорцыях», — заявілі ў сюжэце аб маку на полі ў Дзевятоўцы. У Дзяржаўным рэестры сартоў, якія прайшлі дзяржаўнае выпрабаванне і дапушчаныя для вытворчасці, рэалізацыі і выкарыстання насення, маку няма. У спісе флоры Беларусі ёсць пяць відаў макаў, чатыры з якіх лічацца абарыгеннымі: мак сумніўны (Papaver dubium); мак самасейка (Papaver rhoeas), мак снатворны (Papaver somniferum), мак палявы (Papaver argemone). У 2016 годзе мак снатворны (Papaver somniferum) і каноплі пасяўныя (Cannabis sativa) былі ўнесены ў пералік раслін, забароненых у Беларусі да інтрадукцыі і акліматызацыі. Патрэбнасць у харчовым маку задавальняюць толькі за кошт імпарту.
Калі макі знаходзяць на агародах або ў дварах, гэта кваліфікуюць як «Незаконныя пасеў і (або) вырошчванне раслін альбо грыбоў, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы» (арт. 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь). Пакаранне — штраф да 20 базавых велічынь (840 руб.).
У іншых краінах часцей за ўсё такіх строгіх забарон няма. Напрыклад, у суседняй Польшчы вырошчванне маку (Papaver somniferum) таксама рэгулюецца законам аб барацьбе з наркаманіяй. Аднак з 2022 года дастаткова падаць заяўку ў Нацыянальны цэнтр падтрымкі сельскай гаспадаркі (KOWR) для атрымання дазволу на вырошчванне маку або канопляў. Акрамя таго, пашыраны мэты выкарыстання гэтых раслін, уключаючы вытворчасць кармоў, біяпаліва, матэрыялаў і нават уласныя патрэбы. У гарадах, такіх як Беласток, макі часта высаджваюць на клумбах і развязках як дэкаратыўныя расліны. Аднак кантроль за выкарыстаннем застаецца строгім, і парушэнні могуць прывесці да крымінальнай адказнасці.
