Гродзенку Іру Шмакову здзівіла, што ў цэнтры горада няма грамадскіх прыбіральняў. Гараджане падказалі Іры, дзе іх ўсё ж можна знайсці. Тым не менш грамадскіх прыбіральняў у горадзе не хапае.
Туалеты ў ЦУМе перанеслі на чацвёрты паверх — зараз там чэргі
«А вы ведалі, што ў ЦУМе, у самым цэнтры Гродна больш нельга бясплатна схадзіць у прыбіральню? Раней на першым паверсе былі бясплатныя прыбіральні ў доступе для гараджан і турыстаў. А куды цяпер хадзіць?» — пацікавілася ў Threads Іра.
Рэагуючы на пост Іры, гродзенцы падказалі, што цяпер бясплатныя прыбіральні знаходзяцца на «верхнім» (пятым) паверсе — ля ўстановы з тэрасай «Неба».
«„Дах“ — гэта наогул невідавочнае месца ні для турыстаў, ні для мясцовых, ні для сем’яў з маленькімі дзецьмі. Да таго ж усе пішуць пра тое, што на „Даху“ кіламетровыя чэргі», — выказалася Іра.


Дзе ў цэнтры Гродна схадзіць у прыбіральню?
Гараджане не аднойчы гаварылі аб недахопе прыбіральняў у Гродне. У цэнтры горада ёсць шэсць кропак з грамадскімі прыбіральнямі, тры з іх працуюць штодня. Кругласутачна — толькі два, на чыгуначным і аўтавакзалах.
- вул. Савецкая, 9 (будынак «Моладзевага цэнтра», уваход з боку вуліцы Кірава),
- вул. Чырвонаармейская (пад зямлёй ля міжнародных платформаў аўтавакзала),
- вул. Будзёнага (будынак чыгуначнага вакзала, першы паверх),
- вул. Замкавая, 21 (сувенірны кіёск на паркоўцы ля рэстарана «Бакст»),
- вул. Паліграфістаў, 2Б (міні-рынак),
- Цэнтральны (Скідзельскі) рынак (ніжняя пляцоўка).
У жніўні 2024 года ў горадзе з’явіліся чатыры аўтаномных кабінкі. Іх устанавілі ў парку Жылібера, на стаянцы за сінагогай, у лесапарку «Пышкі» і за Домам быту. Гэтыя прыбіральні платныя.
Як праблему з прыбіральнямі вырашаюць у гарадах Еўропы?
Урбаністы адзначаюць, што грамадскія прыбіральні - важны элемент гарадской інфраструктуры.
Напрыклад, у Парыжы існуе цэлая сетка з больш чым 400 грамадскімі туалетамі. Кабінкі ацяпляюцца зімой, аснашчаны вешалкамі, рукамыйніцамі і люстэркам. Карыстацца імі можна бясплатна, а прыбіральні на цэнтральных вуліцах працуюць кругласутачна.
У Бельгіі гарадскія муніцыпалітэты самастойна запускаюць праекты па павелічэнні грамадскіх прыбіральняў. Так у Бруселі ў 2023 годзе ўстанавілі восем грамадскіх прыбіральняў у турыстычных месцах. У супрацоўніцтве з гасцініцамі, магазінамі, культурнымі і грамадскімі цэнтрамі горад стварыў сетку бясплатных прыбіральняў, у якую ўвайшлі яшчэ 50 прыбіральняў. Карта грамадскіх прыбіральняў размешчана на афіцыйным сайце Бруселя і ў спецыяльным дадатку.