Гродзенская блогерка Леначка Лукашык апублікавала ў Instagram агляд крамы Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС “еДИН”, які нядаўна адчыніўся ў Гродне. Падпісчыкі нагадалі ёй, што гэтыя рэчы робяць зняволеныя, у тым ліку, палітвязні.
Крама размешчана ў “Турэмным дворыку” на вуліцы Урыцкага, 28 побач з гатэлем «У Грушы». Там жа знаходзіцца Музей турэмнага побыту, у які можна патрапіць толькі з экскурсіяй, папярэдне дамовіўшыся з Дэпартаментам выканання пакаранняў. Крама адкрылася ў тэставым рэжыме. На шыльдзе напісана, што там прадаюцца “сувеніры і не толькі”.



Аб тым, што тавары зробленыя зняволенымі ў беларускіх турмах, турыстам па шыльдзе здагадацца няпроста. Але пра гэта Леначка расказвае ў сваім роліку: «У ёй (у краме – заўв. Hrodna.life) прадаюцца тавары, зробленыя на прадпрыемствах Дэпартамента выканання пакаранняў МУС».
UPD. Раніцай 16 чэрвеня пост ужо быў выдалены з Instagram Лукашык. Але відэа захавалася і вы можаце паглядзець яго ніжэй.
У краме светлыя сцены, драўляныя паліцы і дэкаратыўныя бэлькі. На продаж выстаўлены мангалы, печы і іншыя рэчы для саду, мэбля, драўляныя гадзіннікі і іншыя прадметы інтэр’еру, кухоннае начынне, тэкстыль, карціны, шахматы. Прадаюць спецадзенне. “Уся прадукцыя зроблена ўручную”, – удакладняе блогерка.






Інтэрнэт-крама «Магазин еДИН» пачала працаваць 20 красавіка 2023 года. На дадзены час пад рознымі назвамі працуюць восем афлайн-крамаў сеткі пры іншых турмах і калоніях ДВП: у Дзяржынску, Гомелі (пры жаночай калоніі), Івацэвічах, Ваўкавыску, Глыбокім і іншых.
Падпісанты не ацанілі
У Instagram-профілі Лукашык прэзентуе сябе як “шчаслівую маму двух анёлкаў” (маюцца на ўвазе каты) і “этычнага блогера”. Дзяўчына часта піша пра ўстановы грамадскага харчавання і івэнты ў Гродне.
Чытайце таксама: Дзе паесці і куды схадзіць. Гайд па Гродне ад блогеркі Леначкі Лукашык
Падпісчыкі абурыліся кантэнтам:
- “Вельмі этычная рэклама рабскай працы 😬 цяпер бы рэкламаваць такое ў краіне, дзе велізарная колькасць палітвязняў”.
- “Гэту Леначку на пару дзянёчкаў у камеру на Кірава 1. Чырыкала б зусім іначай”.
- “Я нават не ведаю, як можна ўпасці ніжэй”.
- “Мама двух анёлкаў, этычны блогер і рэклама тавараў вырабленых праз эксплуатацыю людзей якія знаходзяцца ў зняволенні ў краіне, дзе кіруе дыктатура і бесперапынныя рэпрэсіі🤡 Як спіцца па начах?”
- “Лепш пайду ў шараговую краму. Чым потым уяўляць як і кім быў зроблены твой мангал ці спецоўка”.
- “Леначка, а будзе кантэнт з дзеткамі-рабамі з афрыканскіх шахтаў? Яны таксама робяць класныя тавары, і вам у тэму блога добра будзе”.
- “Сумленне як тормаз — альбо ёсць, альбо сціраецца”.

Адна з каментатарак прапанавала скардзіцца на пост: “Рэклама прадукцыі, якую вырабляюць зняволеныя. Заробак зняволеных прыкладна 0.5$/дзень. Гэта рабская праца. Рабства ў 21 стагоддзі. Неэтычна рэкламаваць такую прадукцыю. Гэта амаральна. Даслала ў Інстаграм скаргу на дадзены матэрыял. Заклікаю вас таксама скардзіцца на дадзены пост”.
Некалькі каментатараў напісалі, што грошы не пахнуць, намякаючы, што рэклама крамы была аплачана.

Былі, праўда, і тыя, хто стаў на абарону блогеркі:
- “Ого колькі незадаволеных жыццём сабралася Леначка, гэта адназначна поспех. Чаму я за свае падаткі павінна карміць зэка?! Хай батрачаць і адпрацоўваюць, не ў піянерскім лагеры, падай”.
- “Оў, цікава цікава. як кажуць, дзякуй за наводку😉”.



