Блогерка з Кітая пад нікам Lulu адправілася на выхадныя ў Гродна. Відэа дзяўчыны, дзе яна распавядае пра сваё падарожжа, набіраюць больш за 100 тыс. праглядаў.

Дзяўчына жыве ў Мінску і вучыць рускую мову ў лінгвістычным універсітэце. Каб практыкаваць мову, кітаянка імкнецца весці сацсеткі на рускай – аўдыторыя падтрымлівае Lulu ў яе намаганні.

У выхадныя кітаянка вырашыла наведаць Гродна. Па парадзе знаёмых дзяўчына паабедала ў піцэрыі «Форно», а пасля адправілася ў гандлёвы цэнтр OldCity і прагулялася па Савецкай вуліцы. «Сёння адчуваю сябе зоркай – столькі людзей са мной сфатаграфавалася. А афіцыянт у «Васільках» сказаў, што я падобная на айдола (карэйскія поп-выканаўцы – Hrodna.life) і спытаў, адкуль я», – падзялілася кітаянка.

Lulu захапіў гродзенскі Фарны касцёл, таксама дзяўчына адзначыла, што падчас падарожжа з’ела “ў тры разы больш ежы, чым звычайна”.

У каментарах карыстальнікі запрашаюць кітаянку наведаць іншыя беларускія гарады.

«Давай у Ліду калі ласка», — піша Fiksikas

«Вы такая мілая. Калі ўбачу вас, то падыду сфоткацца (калі вы не супраць)», — удакладняе angeli

«Я жыву ў Гродне, вельмі хочацца ўбачыць вас у жыцці», — дзеліцца Olechka19

«Прыязджай у Рэчыцу. Калі ласка. Табе тут спадабаецца, абяцаю. Калі хочаш, я нават пакажу табе горад», — прапануе Anny

«Схадзі на матч Нёман у Гродне», — раіць Мини-Транспортник

«Карэйцы, прыязджайце часцей, калі ласка. Мы вас вельмі чакаем – вы культурныя і выхаваныя», — запрашае катевш.

Чытайце таксама: Культура, ЖКГ ці палітыка страху? Казашка здзівілася чысціні вуліц у Гродне, але ёй усё патлумачылі