Моцныя залевы, якія ішлі ў Гродне напрыканцы мінулага тыдня, затапілі не толькі вуліцы. У мікрараёне Дзевятоўка ў адным з дамоў заліло кватэры — вада дайшла з дзевятага да першага паверха. У патопе жыхары вінавацяць няякасную ліўнёўку, устаноўленую мясцовым ЖЭСам.

Жыхары: «Ліўнёўку ўстанавілі з таго, што было пад рукой»

Інцыдэнт здарыўся ў доме па вуліцы Дзяржынскага, 135: сарвалася няякасна ўсталяваная ліўнёўка. Вада заліла падлогу ў кватэры на дзявятым паверсе на некалькі сантыметраў, а потым дайшла да першага паверха. На дапамогу прыйшлі суседзі - дапамагалі вычэрпваць ваду.

У тым, што адбылося, сям’я з кватэры на дзявятым паверсе вінаваціць ЖЭС № 13, які абслугоўвае іх дом. Па словах гараджан, камунальшчыкі ўсталявалі няякасную ліўнёўку на даху «з таго, што было пад рукой».

«Калі б зрабілі як трэба, такога б не здарылася», — падзялілася ў TikTok гаспадыня кватэры.

У каментарах адны карыстальнікі лічаць, што нічога страшнага не адбылося — кватэра застрахаваная і ўсе страты пакрые страхавая кампанія. Іншыя гродзенцы ўпэўненыя, што разлічваць на кампенсацыю не трэба.

Карыстальнік пад нікам vikkivit распавёў, як іх сям'і ўдалося дабіцца кампенсацыі без застрахаванай кватэры. «Мы судзіліся. У нас на многае былі чэкі, бралі заключэнне ў майстроў, што немагчыма пераклеіць адну паласу шпалер і перакласці пяць дошак ламінату асобна. Паўгода пакутавалі, але грошы выбілі - заказвалі незалежную экспертызу. Кампенсацыі дабіліся толькі мы і суседняя кватэра, хоць заліла чатыры кватэры і ўрон ва ўсіх быў вялікі».

Хто нясе адказнасць за патоп?

Калі кватэра шкодзіцца не па віне уласнікаў, а ў выніку няспраўнасці інжынерных сістэм, адказнасць нясуць:

  • Арганізацыі, якія займаюцца эксплуатацыяй жыллёвага фонду;
  • Арганізацыі, якія прадастаўляюць паслугі ЖКГ;
  • Арганізацыі, якія праводзілі работы па замене або рамонце інжынерных элементаў (у перыяд дзеяння гарантыйнага тэрміну).

Гродзенцам трэба высветліць, хто кіруе іх домам — жыллёвы кааператыў або таварыства ўласнікаў. Таксама дом можа кіравацца ўпаўнаважанай асобай, назначанай выканкамам — даведацца пра арганізацыю можна ў мясцовым выканкаме.

Пасля гродзенцы могуць прад’явіць свае патрабаванні адказнай арганізацыі.

Як даказаць віну ЖЭСу?

Пры гэтым неабходна зафіксаваць тое, што здарылася — выклікаць супрацоўнікаў ЖЭСу, якія складуць акт абследавання кватэры. Таксама юрысты раяць сфатаграфаваць пашкоджанні.

Пісьмовая прэтэнзія накіроўваецца ў ЖЭС. У заяве важна ўказаць тэрмін, на працягу якога праблема павінна быць ліквідавана. Калі патоп адбыўся па віне ЖЭСу, менавіта гэтая арганізацыя павінна кампенсаваць гродзенцам шкоду.

Калі вінаватая асоба ці арганізацыя адмаўляюцца несці адказнасць за патоп — трэба звяртацца ў суд.

Чытайце таксама: Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома