Дабрачынны дзень стрыжак праводзіць 9 чэрвеня філіял Black Eagle на праспекце Янкі Купалы, 67. Усе сабраныя сродкі перададуць сям'і 8-гадовага Вані Сцяцэнкі. Хлопчыку дыягнаставалі міядыстрафію Дзюшэна — на выратаванне трэба $ 2,9 млн.

«Усё, што ад вас патрабуецца, — прыйсці на любую паслугу з нашага прэйскуранта», — паведамляюць уладальнікі Black Eagle у Instagram.

Запісацца можна па тэлефоне +375 33 33 222 16 або анлайн па спасылцы. Арганізатары абавязваюцца перадаць усю выручку за гэты дзень сям'і Вані.

Падобную акцыю правёў 7 чэрвеня яшчэ адзін гродзенскі барбершоп — Black Room. Колькі ўдалося сабраць — пакуль не паведамляецца.

Напярэдадні бацька хлопчыка апублікаваў у Instagram зварот да жыхароў Гродна і ўладаў:

«Сёння мы і наша сям’я звяртаемся менавіта да вас, з просьбай аб дапамозе ў зборы на лячэнне нашаму сыну Сцяцэнку Івану. Лекі каштуюць 2,9 мільёна долараў - гэтая сума непад’ёмная для нашай сям'і. Мы просім вас аб дапамозе фінансавай і інфармацыйнай».

З-за хваробы Ваня ўжо не можа самастойна хадзіць. Усе варыянты далучыцца да збору сродкаў для Вані можна знайсці тут.

Міядыстрафія Дзюшэна — рэдкае генетычнае захворванне, пры якім мышцы паступова губляюць сілу і атрафуюцца. Хвароба праяўляецца ў хлопчыкаў з-за зламанага гена, які адказвае за выпрацоўку бялку дыстрафіна. Ён неабходны, каб мышцы чалавека фармаваліся і працавалі правільна. Без лячэння большасць пацыентаў не дажываюць да 25 гадоў.

Сям’я збірае сродкі на прэпарат Elevidys — адзін з самых дарагіх у свеце. Ён не лечыць хваробу цалкам, але здольны запаволіць яе развіццё і падоўжыць жыццё дзіцяці. У Беларусі ўжо быў вопыт закрыцця падобнага збору — у студзені гэтага года беларусы сабралі 2,9 мільёна долараў для Арцёма Пад’ялоўскага з Магілёва з такім жа захворваннем. Збор закрылі за 9 месяцаў.