Валерый паскардзіўся ў Threads, што ў Гродне амаль няма турнікаў і спартыўных пляцовак для дарослых. Некаторыя старыя знеслі, а новае спартовае абсталяванне так і не з’явілася. Мужчына лічыць, што ў Гродне абмежаваны магчымасці для аматараў спорту, якія старэйшыя за 30 гадоў.

Валерый звярнуў увагу, што ў Гродне дэмантавалі некаторыя турнікі вышэй за 4 метры, а спортпляцоўкі “зраўнялі з зямлёй”.

«Са спартзалаў толькі трэнажорныя і больш ніякіх. Гімнастычныя, што ёсць – туды нельга, школьныя пляцоўкі насамрэч такія сабе. Нядзіўна, што людзі бухаюць. Тут проста нічога няма – і гэта сумна», – лічыць гродзенец.

Заўважае Валерый і тое, што ў горадзе амаль няма пляцовак для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту. Скейт-парк у Каложскім парку нядрэнны, але маленькі – з рампамі па пояс. «Гадоў 10 таму пад мастом каля Савецкай быў вялізны скейт-парк з высокімі рампамі. Яго знеслі, таму што добрае месца для паркоўкі», – наракае гродзенец.

Валерый дадае, што варкаут пляцоўкі, якія будуюцца ў новых раёнах – маленькія і слабыя. Сам ён займаецца паркурам, таму хоча бачыць у горадзе пляцоўкі больш вялікага памеру і вышэйшыя турнікі.

«Раней алкашоў ганялі, зараз спартсменаў»

У каментарах меркаванні гродзенцаў раздзяліліся. Адны лічаць, што спартыўных пляцовак у горадзе хапае, іншыя – падтрымліваюць Валерыя.

«Мала сёння спартыўных пляцовак у Гродне? Стадыён цэнтральны, амаль ва ўсіх дварах футбольныя палі. У новых дамах, якія растуць як грыбы пасля добрага дажджу, такія пляцоўкі абсталяваны высокімі платамі і не перашкаджаюць ні пенсіянерам, ні дзеткам», — лічыць zinaida19180.

«Чаму школьныя нельга? У нас шмат дарослых займаюцца на школьных [пляцоўках – рэд.]. Гродна, Вішнявец прыязджайце – і турнікаў досыць розных», – выказваецца olushidevonrex

«Раней на любую школьную спортпляцоўку можна было прыйсці і хоць павісець на брусах ці пабегаць. Цяпер блін выганяюць з новых, тыпу школьная зона. Раней алкашоў ганялі, зараз спартсменаў», – піша olisbor

«Лядовыя палацы ж пабудавалі? Пабудавалі. Басейн у Мінску адкрылі? Адкрылі. Чаго вам яшчэ не хапае? – жартуе ihars_simple_pleasures

Дзе на вуліцах Гродна пазаймацца спортам?

Аматары варкауту распрацавалі спецыяльную карту Гродна, дзе пазначаны кропкі для заняткаў спортам на вуліцы. Пляцоўкі падзелены на катэгорыі ў залежнасці ад памеру і тыпу турнікоў.

Маленькія 

  • Лесапарк Пышкі, сцежка здароўя
  • Бульвар Ленінскага камсамола, пляцоўка каля ліцэя №1

Сярэднія (пляцоўкі ля школ і гімназій)

  • Вул. Вольгі Соламавай, 155
  • Вул. Пралетарская, 69
  • Вул. Ліможа, 11

Вялікія (пляцоўкі ля школ і гімназій)

  • Вул. Вольгі Соламавай, 76
  • Вул. Рэпіна, 17
  • Вул. Крамко, 29

Чытайце таксама: Трэніроўкі на вуліцы ў Гродне: дзе можна займацца спортам з крутымі хлопцамі